2016-05-05 12:33:00

У Ватыкане будуць выстаўлены 33 беларускіх іконы


Падрабязнасцямі пра выставу беларускага сакральнага мастацтва ў Ватыканскіх музеях падзяліўся дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў. Гэты праект рыхтаваўся некалькі гадоў. У ім прымалі удзел дыпламаты, супрацоўнікі Міністэрства культуры і Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Выстаўка працягнецца з 18 мая па 25 ліпеня. Яна называецца “Іканапіс Беларусі ХVII-XXI стагоддзяў”. Усяго ў экспазіцыю ўвойдуць 33 іконы - праваслаўныя і каталіцкія. У асноўным гэта будуць работы з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, а таксама 3 - з Дома міласэрнасці, напісаныя сучаснымі іканапісцамі, паведаміў Пракапцоў падчас он-лайн канферэнцыі ў “БЕЛТА”.

Спецыяльна да выставы былі падрыхтаваны адпаведныя інфармацыйныя бюлетэні на чатырох мовах – беларускай, рускай, італьянскай і англійскай. Яны будуць бясплатна раздавацца наведвальнікам Ватыканскіх музеяў. 

Дырэктар заўважыў, што беларускія іконы будуць размешчаны ў шкляных вітрынах, хоць першапачаткова планавалася, што яны будуць мацавацца непасрэдна на сценах. Па гэтай прычыне арганізатарам выставы прыйшлося двойчы перафармаціраваць экспазіцыю. Нават былі заменены некаторыя іконы, якія з-за памераў не змаглі змясціцца ў спецыяльных вітрынах.

У адкрыцці выставы запланаваны ўдзел праваслаўнага хору. Плануецца прысутнасць Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. 

“Выставіцца ў Ватыканскіх музеях не так проста. Гэты праект рыхтаваўся дзевяць гадоў. Увайсці ў такія прэстыжныя залы – гэта гонар увогуле для любой краіны”, - сказаў Уладзімір Пракапцоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.