2016-05-05 14:45:00

Кардынал-прэфект: “не” памылковаму разуменню вучэння Папы


Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння нагадаў аб недапушчальнасці такой інтэрпрытацыі нядаўна выдадзенай адгартацыі Папы “Amoris laetitia”, якая супярэчыць вучэнню Касцёла. Кардынал Герхард Людвіг Мюлер падкрэсліў, што немагчыма жыць у стане ласкі і стане граху адначасова. “Касцёл не можа змяняць Божага закону, у тым ліку аб непарыўнасці сужэнства”, нельга “казаць Езусу “так” у Эўхарыстыі і “не” у сужэнстве”. Гэта аб’ектыўная супярэчнасць, заўважыў пурпурат падчас прэзентацыі сваёй кнігі “Informe sobre la esperanza” (Справаздача аб надзеі), якая прайшла ў Мадрыдзе.

Ватыканскі іерарх патлумачыў, што кожны, хто прабывае ў стане смяротнага граху, павінен напачатку прыступіць да сакрамэнту споведзі. Гэтага, паводле яго слоў, не можа адмяніць ні Папа, ні Паўсюдны Сабор. 

Кардынал Мюлер адзначыў, што Францішак у сваёй адгартацыі заклікае да разважання пра тое, як прыняць людзей, якія ведаюць, што жывуць у неўрэгуляванай сітуацыі, але жадаюць наблізіцца да Касцёла. Калі разведзеныя асобы, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, хочуць прыступаць да св. Камуніі, яны павінны або расстацца з новым сужонкам, або захоўваць чысціню, таму што нельга апраўдаць сітуацыі, якая супярэчыць Божаму закону, сказаў кардынал іерарх.

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння запэўніў у сваёй вернасці Папу і падкрэсліў, што цэніць яго асабісты і душпастырскі стыль. У той жа час, ён папярэдзіў аб недапушчальнасці памылковага разумення навучання Францішка і яго супрацьпастаўлення навучанню папярэдніх Пантыфікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.