2016-05-03 15:39:00

Папа заклікаў маліцца ў інтэнцыі павагі да жанчын


Папа Францішак заклікаў вернікаў на працягу мая маліцца, “каб ва ўсіх краінах свету жанчыны шанаваліся і паважаліся, і каб іх неад’емны сацыяльны ўклад быў высока ацэнены”. Так гучыць першая малітоўная інтэнцыя Святога Айца на бягучы месяц. Ён абвясціў яе асабіста ў адмысловым відэа-роліку, размешчаным у інтэрнэце. 

У ім Папа нагадаў пра незаменны ўклад жанчын ва ўсе сферы чалавечай дзейнасці, пачынаючы з сям’і. “Але ці дастаткова толькі прызнаваць яго?”, - спытаў ён. Паводле Францішка, у свеце яшчэ вельмі мала зроблена для жанчын, якія знаходзяцца ў складаных сітуацыях, якімі пагарджаюць, якіх адчужаюць і нават змушаюць да нявольніцтва. “Мы павінны асудзіць сексуальнае насілле ў адносінах да жанчын і ліквідаваць бар’еры, якія перашкаджаюць іх поўнай інтэграцыі ў сацыяльнае, палітычнае і эканамічнае жыццё”, - заклікаў Пантыфік.

Таксама ў маі ёсць яшчэ адна “папская інтэнцыя” – місійная: “Каб у сем’ях, супольнасцях і групах распаўсюджвалася практыка ружанцовай малітвы за евангелізацыю і за мір”.








All the contents on this site are copyrighted ©.