2016-05-03 14:19:00

Пантыфік напісаў ліст да Прэзідэнта Венесуэлы


Папа Францішак напісаў ліст Прэзідэнту Венесуэлы Нікаласу Мадуры, у якім выказаў сваё стаўленне да сітуацыі ў краіне, пацвердзіў кіраўнік Залы Друку, кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Святар не даў падрабязных каментароў пра змест ліста. “Папа з вялікай увагай і ўдзелам сочыць за сітуацыяй у Венесуэле”, сказаў ён і адзначыў, што Пантыфік жадае Венесуэле вырашыць свае праблемы шляхам дыялогу, а не канфрантацыі.

Кс. Ламбардзі нагадаў, што Францішак выказваў сваю заклапочанасць сітуацыяй у гэтай лацінаамерыканскай краіне ў сваім велікодным пасланні, прымеркаваным да благаслаўлення “Urbi et Orbi”. Папа заклікаў улады Венесуэлы працаваць на карысць супольнага дабра, шукаючы прасторы для дыялогу і супрацоўніцтва з усімі. “Няхай кожны прыкладзе намаганні на карысць культуры сустрэчы, справядлівасці і ўзаемнай павагі, бо толькі яны могуць забяспечыць духоўны і маральны дабрабыт грамадзян”, - сказаў 27 сакавіка 2016 г. Францішак.

Афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду заўважыў таксама, што 27 красавіка 2016 г. венесуэльскія біскупы заклікалі ўрад краіны дазволіць Каталіцкаму Касцёле прыняць удзел у дастаўцы насельніцтву прадуктаў харчавання і медыкаментаў. Епіскапат лічыць, што такой цяжкай эканамічнай сітуацыі ў Венесуэле не было ніколі.








All the contents on this site are copyrighted ©.