2016-05-03 12:40:00

Ватыкан: форум на тэму занятасці і годнасці працы


У кантэксце Юбілейнага Года Міласэрнасці ў Ватыкане праходзіць міжнародная канферэнцыя па пытаннях устойлівага развіцця і будучыні рынку працы. Яна арганізавана сумесна Папскай радай “Iustitia et Pax” і Міжнароднай арганізацыяй працы. Значная падтрымка была таксама аказана з боку “Caritas Internationalis” і каталіцкіх арганізацый, якія займаюцца палітычнай і грамадскай дзейнасцю па абароне і падтрымцы годнай працы.

Як падкрэсліў кардынал Пітэр Тарксан, старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax”, галоўная мэта форуму ў тым, каб паглыбіць веды аб сацыяльным вучэнні Каталіцкага Касцёла ў адносінах да канцэпцыі годнай працы, яе асноўных элементаў і сэнсу, што павінна садзейнічаць, у першую чаргу, барацьбе з беднасцю.

У сустрэчы “Устойлівае развіццё і найбольш уразлівыя формы занятасці” прымаюць удзел больш за 100 асоб. Гэта ў асноўным актывісты і эксперты, якія займаюцца пытаннямі трансфармацыі рынку працы, доступу моладзі да занятасці, этыкі і каштоўнасці працы, міру, сацыяльнай справядлівасці і развіцця. Канферэнцыя працягнецца да 4 мая 2016 г.

На важнасць ватыканскага мерапрыемства звярнуў увагу папа Францішак. Падчас сустрэчы з вернікамі ў мінулую нядзелю ён выказаў спадзяванне, што форум дапаможа прыцягнуць увагу ўладаў, палітычных і эканамічных інстытутаў, грамадзянскай супольнасці да мадэлі развіцця, якая ўлічвае чалавечую годнасць, заканадаўства аб працы і ахове навакольнага асяроддзя.








All the contents on this site are copyrighted ©.