2016-05-02 14:15:00

Папа напісаў ліст да легата на ўрачыстасці ў Літве


“Бог – ласкавы і міласэрны, не пакідае нікога, хто верыць у Яго. Як добразычлівы Айцец вітае кожнае сваё дзіця, якое вяртаецца да Яго ў пакаянні”, - напісаў Папа ў лісце да свайго легата на Літоўскі кангрэс міласэрнасці, які адбудзецца ў канцы наступнага тыдня, 6-8 мая 2016 г. у Вільнюсе. Святы Айцец прызначыў сваім пасланнікам кардынала Пьетра Параліна, Дзяржсакратара Яго Святасці.

“Вернікі павінны быць узаемна міласэрнымі, даруючы і прыходзячы на дапамогу тым, хто адчувае цяжкасці або нейкім чынам пакутуе”, - падкрэсліў Францішак у сваім лісце да кардынала Дзяржсакратара. Ён нагадаў, што менавіта ў Вільнюсе св. Фаўстына паклапацілася аб намаляванні абраза Езуса Міласэрнага, і там павінен быць пабудаваны санктуарый Маці Божай Міласэрнасці. Папа выказаў спадзяванне, што гэтыя сведчанні пабожнасці ўмацуюць веру, каб сённяшні чалавек усё часцей звяртаўся да багацця ласкі Збаўцы. Кардынал Паралін павінен заахвоціць, каб Юбілейны Год стаў стымулам для большай пабожнасці, дабрыні і шчодрасці, а таксама для адкрыцця на міласэрнасць Хрыста.








All the contents on this site are copyrighted ©.