2016-05-02 12:43:00

Пантыфік пра месца Святога Духа ў жыцці хрысціяніна


Святы Дух дае нам сілы, быць сведкамі Езуса падчас пераследу, і вялікага, калі трэба аддаць сваё жыццё, і меншага, калі становімся ахвярамі пляткарства і крытыканства, сказаў Францішак 2 мая 2016 г. падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі – Дому св. Марты.

Каментуючы сённяшняе першае літургічнае чытанне (Дз 16, 11-15), якое распавядае пра хрост Лідзіі і ўсяго яе дому, Папа заўважыў, што незадоўга да Пяцідзесятніцы літургія асаблівым чынам падкрэслівае дзеянне Святога Духа.

“Гэта жанчына адчула ў сваім сэрцы нешта, што прымусіла яе сказаць: “Гэта праўда! Я згодная з тым, што кажа гэты чалавек, які дае сведчанне пра Езуса Хрыста. Тое, што ён гаворыць, гэта праўда!”, - інтэрпрэтаваў урывак з кнігі Дзеяў Апосталаў Пантыфік. Тым, хто крануў сэрца жанчыны, хто сказаў ёй: “Слухай, гэта праўда”, быў Святы Дух. Менавіта Ён дазволіў Лідзіі адчуць, што Езус – гэта Пан, што ў словах апостала Паўла ўтрымліваецца збаўленне. “Святы Дух сведчыць пра Езуса. Кожны раз, калі мы адчуваем у сваім сэрцы, што нешта нас набліжае да Езуса, гэта Святы Дух дзейнічае ў нас”, - перакананы Францішак.

Папа заўважыў, што ў сённяшнім Евангеллі (Ян 15, 26-16, 4а) Езус заклікае вучняў не мець ілюзій, бо сведчанне цягне за сабой пераслед – невялікі, у выглядзе плётак, крытыканства, і вялікі, вынікам якога з’яўляецца праліццё крыві і ахвяра жыцця. Таму Езус кажа выразна: “Будуць выганяць вас з сінагогаў. Але прыходзіць гадзіна, калі кожны, хто будзе вас забіваць, будзе думаць, што гэтым служыць Богу” (Ян 16, 2).

“Хрысціянін, з сілай Святога Духа сведчыць, што Пан жывы, што Ён уваскрос, што Пан сярод нас, што Ён з намі цэлебруе сваю смерць і ўваскрасенне кожны раз, калі мы падыходзім да алтара. Хрысціянін таксама дае сведчанне з дапамогай Духа Святога у паўсядзённым жыцці праз свой стыль дзеяння. Гэта пастаяннае сведчанне хрысціяніна. Але часта яно выклікае напады, правакуе пераслед”, - адзначыў Святы Айцец.

Папа дадаў, што Святы Дух, Які дазволіў нам пазнаць Езуса, стымулюе нас знаёміць з Ім іншых, не столькі на словах, колькі праз сведчанне жыцця.

“Трэба прасіць Святога Духа, каб Ён увайшоў у нашыя сэрцы і мы сведчылі пра Езуса; сказалі Яму: “Пане, дапамажа не адысці ад Езуса. Навучы мяне таму, чаму вучыў Езус. Нагадай мне тое, што Езус казаў і рабіў, а таксама дапамажы мне сведчыць аб гэтых рэчах...”. Няхай мірское, рэчы простыя, тое, што паходзіць ад бацькі хлусні, князя гэтага свету, грэх, не аддаляюць мяне ад гэтага сведчання”, - завяршыў сваю гамілію Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.