2016-05-01 15:08:00

Папа: Святы Дух суправаджае нас у вобразе мыслення і дзеяння


“Езус побач з намі, пасярод нас, у нас!”, - нагадаў папа Францішак 1 мая 2016 г., сустракаючыся з вернікамі на нядзельнай малітве “Regina Caeli” ў Ватыкане. Менавіта Святы Дух дазваляе нам адчуваць гэту прысутнасць, адрозніваць дабро ад зла у думках і дзеяннях, практыкаваць міласэрнасць, адзначыў ён і заклікаў да штодзённага чытання Святога Пісання і малітвы да Святога Духа.

“Сённяшняе Евангелле вядзе нас у Вячэрнік. Падчас Апошняй вячэры, перад сваёй мукай і смерцю на крыжы, Езус паабяцаў апосталам дар Святога Духа, Які будзе мець задачу навучання і напаміну супольнасці вучняў Яго слоў. - адзначыў Папа. - Сам Езус кажа: “Суцяшальнік, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам” (Ян 14, 26). Навучанне і напамін. Гэта робіць Святы Дух у нашых сэрцах. 

Езус, калі павінен вярнуцца да Айца, аб’яўляе аб прыходзе Святога Духа, Які, у першую чаргу, навучыць вучняў больш поўнаму разуменню Евангелля, яго прыняццю ў жыцці і яго ажыццяўленню і распаўсюджванню праз сведчанне. Давяраючы апосталам – гэта значыць “пасланым” – місію абвяшчэння Евангелля ва ўсім свеце, Езус абяцае, што не пакіне іх: з імі будзе Святы Дух, Суцяшальнік, Які будзе побач з імі, больш за тое, будзе ў іх, каб бараніць і падтрымліваць. Езус вяртаецца да Айца, але па-ранейшаму суправаджае і навучае сваіх вучняў праз дар Святога Духа.

Другі аспект місіі Святога Духа – гэта дапамога апосталам прыгадваць сабе словы Езуса. Боскі Настаўнік ужо даў ўсё, што павінен быў даць апосталам: з Ім, Уцелаўлёным Словам, аб’яўленне асягнула поўню. Святы Дух будзе нагадваць вучэнне Езуса ў розных канкрэтных абставінах жыцця, каб яго можна было рэалізаваць. Менавіта так гэта ўсё адбываецца і сёння ў Касцёле, якім кіруе святло і сіла Святога Духа, каб ён мог прынесці ўсім дар збаўлення, гэта значыць Божую любоў і міласэрнасць. Напрыклад, калі кожны дзень вы чытаеце – як я вам рэкамендаваў – фрагмент, некалькі слоў з Евангелля, трэба прасіць Святога Духа: “Дапамажы разумець і памятаць словы Езуса”. А потым трэба чытаць гэты ўрывак кожны дзень... Але спачатку варта памаліцца да Святога Духа, Які прысутнічае ў нашых сэрцах: “Дапамажы разумець і памятаць”.

Мы не самотныя: Езус побач з намі, пасярод нас, у нас! Яго новая прысутнасць у гісторыі адбываецца праз дар Святога Духа, праз Якога можна наладзіць жывую сувязь з Ім, укрыжаваным і ўваскрослым. Святы Дух, Які сышоў на нас праз сакрамэнты хросту і канфірмацыі, дзейнічае ў нашым жыцці. Ён вядзе нас у вобразе мыслення, дзеяння, адрознівання дабра ад зла. Ён дапамагае нам практыкаваць міласэрнасць Езуса, Яго ахвяраванне сябе іншым, асабліва самым патрабуючым.

Мы не самотныя! І прыкметай прысутнасці Святога Духа з’яўляецца таксама спакой, які Езус дае сваім вучням: “Спакой Мой даю вам” (Ян 14, 27). Ён адрозніваецца ад таго, які жадаюць і які спрабуюць рэалізаваць людзі. Спакой Езуса зыходзіць ад перамогі над грахом, эгаізмам, які перашкаджае нам любіць адзін аднаго, як браты. Гэта дар ад Бога, і знак Яго прысутнасці. Кожны вучань, закліканы сёння ісці за Езусам, несучы крыж, прымае ў сабе спакой Хрыста Укрыжаванага і Уваскрослага ва ўпэўненасці ў Яго перамозе і ў чаканні Яго апошняга прыйсця.

Няхай Дзева Марыя дапаможа нам паслухмяна прыняць Святога Духа, як унутранага настаўніка і як жывую памяць пра Хрыста ў нашым штодзённым падарожжы”, - сказаў Пантыфік.

На заканчэнне сваёй сустрэчы з вернікамі, Францішак нагадаў, што заўтра ў Рыме пачынаецца міжнародная канферэнцыя “Устойлівае развіццё і найбольш уразлівыя формы занятасці”. Ён выказаў спадзяванне, што гэты форум “дапаможа прыцягнуць увагу ўладаў, палітычных і эканамічных інстытутаў, грамадзянскай супольнасці да мадэлі развіцця, якая ўлічвае чалавечую годнасць, у поўнай адпаведнасці з заканадаўствам аб працы і ахове навакольнага асяроддзя”.








All the contents on this site are copyrighted ©.