2016-04-29 13:17:00

Святы Пасад: Еўропа паводзіць сябе з уцекачамі як Пілат


Еўропа паводзіць сябе як Пілат, так стаўленне краін кантынента ў дачыненні да бежанцаў ацэньвае старшыня Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў, кардынал Антоніа Марыя Вэльё.

У гэтым годзе ў Міжземным моры патанула больш за 1200 чалавек. Тысячы людзей блакаваныя на грэка-македонскай мяжы або ў лагерах, такіх як Морыя на востраве Лесбас, адкуль Францішак прывёз у Еўропу 12 бежанцаў з Сірыі. Гэта маленькі жэст, як кропля ў акіяне, але Папа не хоча спыняцца на прыгожых словах, дадаў ватыканскі іерарх.

Еўропа да гэтага часу не прыняла тых 160 тыс. уцекачоў, хоць былі абяцанні гэта зрабіць. Акрамя таго, пагадненне Еўрапейскага саюза з Турцыяй і закрыццё межаў балканскіх краін яшчэ больш пагоршыла становішча людзей, якія ўжо страцілі ўсё ў выніку вайны або пераследу. Таму кардынал Вэльё крытычна ставіцца да пагаднення паміж Брусэлем і Анкарой.

У адпаведнасці з пагадненнем паміж ЕС і Турцыяй, сірыйскія грамадзяне, якія не вернуцца з Еўропы ў Турцыю, будуць дэпартаваныя ў краіны, адкуль прыбылі. Нягледзячы на тое, што ў Турцыі яны будуць карыстацца часовай абаронай, верагодна, у канчатковым выніку ім давядзецца вярнуцца на сваю радзіму, дзе іх чакае смерць, зрабіў сумную выснову старшыня Папскай рады.








All the contents on this site are copyrighted ©.