2016-04-29 18:02:00

Прадстаўнік Ватыкана наведаў Украіну з гуманітарнай місіяй


Збор сродкаў для ахвяр канфлікту ва Украіне дапамог не толькі сабраць грошы, але і паінфарамаваць еўрапейцаў аб праблеме, якая існуе на тэрыторыі кантынента, лічыць сакратар Папскай рады “Cor Unum” – ватыканскай структуры, якая рэгулюе сферу гуманітарнай дзейнасці Апостальскай Сталіцы.

24-27 красавіка 2016 г. кс. Джанп’етра Даль Тоза знаходзіўся з візітам ва Украіне. Яго місія была звязана з агульнаеўрапейскім зборам сродкаў для ахвяр ваенных дзеянняў у гэтай краіне. Ён прайшоў 24 красавіка 2016 г. ва ўсіх храмах Еўропы па ініцыятыве папы Францішка.

У рамках візіту ватыканскі святар сустрэўся з прадстаўнікамі розных мясцовых Цэркваў, палітычнымі дзеячамі і бежанцамі з усходніх тэрыторый Украіны. Акрамя таго, ён выступіў каардынатарам заснавання камісіі, якая будзе на месцы вызначаць праекты для фінансавання.

На думку кс. Даль Тоза, канфлікт ва Украіне, у выніку якога пакутуюць мільёны людзей, адбываецца пры агульным маўчанні многіх. Сітуацыя з’яўляецца “аб’ектыўна крытычнай”, заўважыў ён. За кошт сабраных сродкаў на першым этапе будуць вырашацца першасныя патрэбы людзей, якія тычацца магчымасці харчавацца, мець дах на галавой, апранацца і атрымліваць неабходныя лекі.

“Ахвяраванні будуць прызначаны непасрэдна для патрабуючых, канешне, незалежна ад іх рэлігійнай, этнічнай ці культурнай прыналежнасці, што адпавядае традыцыі Касцёла і сутнасці гэтай ініцыятывы, якая належыць да Папы”, - сказаў святар. 

Кс. Даль Тоза заўважыў, Каталіцкі Касцёл адкрыты на супрацоўніцтва з іншымі хрысціянскімі Цэрквамі. Гэта, паводле святара, будзе мець добрыя наступствы для адносін з Праваслаўнымі Цэрквамі, а таксама ўнутры самаго Касцёла.








All the contents on this site are copyrighted ©.