2016-04-27 17:21:00

Рэформа ватыканскіх СМІ: апостальства – галоўны крытэрый


Рэформа ватыканскіх СМІ, каб быць плённай, павінна закрануць не толькі структуры, але і “камунікацыйныя працэсы”, падкрэсліў прэфект Сакратарыяту па камунікацыі Апостальскай Сталіцы ў звароце да ўдзельнікаў семінара на тэму “Касцёл і новыя выклікі камунікацыі”, арганізаванага Папскім універсітэтам Святога Крыжа. Сустрэча прайшла 27 красавіка 2016 г. у Зале Друку Святога Пасаду. 

Кс. Дарыё Вігано заўважыў, што галоўным крытэрыем для разумення трываючай рэформы ватыканскіх СМІ з’яўляецца апостальства, за чым ідзе ўсё іншае. Галоўная мэта рэформы ў тым, каб Евангелле і навучанне Папы дасягнула сэрцаў усіх людзей. Гэты “апостальскі крытэрый” павінен рэалізоўвацца такім чынам, каб не замяняць сабой камунікацыю мясцовых Касцёлаў і адначасова падтрымліваць касцёльныя супольнасці, якія найбольш патрабуюць дапамогі. 

Прэфект Сакратарыяту па камунікацыі падкрэсліў, што рэформа ватыканскіх СМІ носіць не толькі структурны характар. Гаворка ідзе пра тое, каб зрабіць камунікацыю Апостальскай Сталіцы больш блізкай да людзей і інтэрактыўнай, што становіцца ўсё больш неабходна з развіццём лічбавых сродкаў камунікацыі. Рэформа пройдзе таксама і на тэхналагічным узроўні.

Кс. Вігано казаў аб патрэбе перамагчы “самасуцяшаючую рыторыку” і “расчыніць вокны”, каб убачыць, ці “сапраўды мы адказваем на пытанні нашых суразмоўцаў”. Ён падкрэсліў неабходнасць у больш эфектыўным выкарыстанні чалавечых рэсурсаў праз адпаведную фармацыю, рэарганізацыю, стварэнне каманднага духу, перамогу над індывідуалізмам і слабай каардынацыяй паміж структурамі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.