2016-04-27 11:22:00

Пантыфік: ігнараванне пакут чалавека – гэта ігнараванне Бога


Наведванне касцёла не дае аўтаматычнай здольнасці любіць бліжняга, заўважыў папа Францішак 27 красавіка 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Ён прапанаваў вернікам паразважаць над прыпавесцю пра Добрага Самараніна (Лк 10, 25-37). У ёй апавядаецца пра трох асоб, якія сталі сведкамі пакут чалавека, што ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў. З яго знялі аддзенне, пабілі і адышлі. Першыя два: святар і левіт, былі звязаны са служэннем у святыні. Трэці быў самаранінам – чужынцам і язычнікам. У падобных сітуацыях Божы закон абавязваў дапамагчы таму, хто пакутуе, але святар і левіт прайшлі побач, нават не спыніўшыся, заўважыў Папа.

“Тут прыпавесць дае нам перш урок: той, хто наведвае Божы дом і ведае Божую міласэрнасць не атрымлівае аўтаматычна здольнасці любіць бліжняга. Можна ведаць усю Біблію, усе літургічныя часткі, усю тэалогію, але гэтыя веды не робяць аўтаматычна здольным любіць: любоў мае іншы шлях! З дапамогай розуму, але яшчэ нечага большага... Святар і левіт бачылі, але праігнаравалі; паглядзелі, і не дапамаглі. Насамрэч не можа існаваць сапраўднага культу, калі ён не ператвараецца ў служэнне бліжняму. Не будзем пра гэта забывацца ніколі: перад пакутамі вялікага мноства людзей, знясіленных голадам, насіллем і несправядлівасцю, мы не можам заставацца простымі гледачамі. Ігнараванне пакут чалавека, азначае ігнараванне Бога!”, - лічыць Францішак.

Самаранін, аднак, які ніякім чынам не быў звязаны з рэлігійным культам, злітаваўся над пакутуючым і аказаў яму дапамогу. “Сэрца самараніна было адпаведным сэрцу самаго Бога. Сапраўды, “літасць” – гэта сутнасна важная рыса Божай міласэрнасці. Гэта слова азначае, што ўсё нутро ўзрушваецца і пачанае дрыжэць перад абліччам чалавечага болю. У жэстах і ўчынках добрага самараніна мы можам распазнаць дзейнасць міласэрнага Бога ва ўсёй гісторый збаўлення. Гэта тая ж літасць, з якой Пан выходзіць насустрач кожнаму з нас: Ён нас не ігнаруе, ведае наш боль, ведае наколькі патрабуем дапамогі і суцяшэння. Ён набліжаецца да нас і не пакідае ніколі”, - падкрэсліў Пантыфік.

Паводле Святога Айца, прыклад добрага самараніна дапамагае зразумець, што міласэрнасць павінна выражацца ў канкрэтных учынках на карысць бліжняга, нават, калі гэта стварае нам пэўныя нязручнасці.

“Самаранін дзейнічаў з сапраўднай міласэрнасцю: перавязаў раны гэтаму чалавеку, прывёз у заезд, асабіста паклапаціўся аб ім, заплаціў, каб яму аказалі дапамогу. Усё гэта нас вучыць, што спачуванне, любоў – не абстрактнае пачуццё, але клопат пра іншага чалавека, нават сваім асабістым коштам. Гэта значыць, што трэба паручыцца за іншага, робячы ўсе неабходныя крокі, каб “наблізіцца” да яго, аж да ўпадабнення яму: любі “бліжняга свайго, як самога сябе”. Вось запаведзь Пана!”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак заклікаў не раздзяляць людзей на “бліжніх” і “нябліжніх” і ісці па жыцці шляхам Добрага Самараніна, якім з’яўляецца сам Езус Хрыстус.








All the contents on this site are copyrighted ©.