2016-04-26 14:47:00

Францішак: Святы Дух – не ўласнасць іерархіі


Клерыкалізм – гэта “адна з самых вялікіх дэфармацый”, якую павінен выправіць Касцёл у Лацінскай Амерыцы, напісаў папа Францішак у лісце да старшыні Папскай камісіі па краінах Лацінскай Амерыкі, кардынала Марка Уэлле. Пантыфік падкрэсліў, што клерыкалізм паступова гасіць прароцкае полымя, аб якім пакліканы сведчыць Касцёл. Паводле Святога Айца, была створана свецкая “эліта”, якая займаецца “святарскімі” справамі, але забыты вернікі, якія вядуць штодзённую барацьбу за жыццё верай. Папа таксама падкрэсліў, што пастыр не павінен указваць свецкаму, што ён павінен рабіць і казаць у публічным жыцці.

Яшчэ 4 сакавіка 2016 г. Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай камісіі па краінах Лацінскай Амерыкі на тэму “Неад’емная дзейнасць свецкіх вернікаў у публічным жыцці лацінаамерыканскіх краін”. Крыху пазней Пантыфік накіраваў кардыналу Уэлле ліст з некаторымі разважаннямі адносна гэтай тэмы. Ён быў апублікаваны 26 красавіка 2016 г.

Значная частка гэтага дакументу прысвечана праблеме клерыкалізма. Клерыкалізм – гэта “плён памылковага разумення эклезіялогіі, прапанаванай Другім Ватыканскім Саборам”. Ён не толькі “сцірае асабовасць хрысціян, але імкнецца таксама паменшыць і прынізіць значэнне ласкі хросту, якую Святы Дух вылівае ў сэрцы нашых людзей”. Клерыкалізм вядзе да “стандартызацыі” свецкіх вернікаў, а трактуючы іх, як “упаўнаважаных”, ён абмяжоўвае розныя ініцыятывы і намаганні, адвагу, неабходную, каб несці Добрую Навіну Евангелля ва ўсе сферы грамадскага і асабліва палітычнага жыцця.

Клерыкалізм, паводле Святога Айца, "забывае, што бачнасць і сакрамэнтальнасць Касцёла належаць усяму Божаму народу, а не толькі некаторым выбраным і “прасветленым”.

У якасці станоўчага прыкладу, свабоднага ад ўплыву клерыкалізма ў Лацінскай Амерыцы, Папа прывёў “народнае душпастырства” – адно з немногіх месцаў, дзе народ (уключаючы сваіх пастыраў) і Святы Дух здолелі сустрэцца без клерыкалізму, які намагаецца кантраляваць і тармазіць намашчэнне Богам сваіх”.

Францішак заклікаў членаў Папскай камісіі па краінах Лацінскай Амерыкі “давяраць народу, яго памяці і “чуццю”, верыць у тое, што Святы Дух дзейнічае ў ім і з ім, і што Святы Дух – гэта не толькі “уласнасць “ касцёльнай іерархіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.