2016-04-25 12:14:00

Аўстрыйскі кардынал: страх – кепскі дарадчык


Кардынал Крыстаф Шонборн нагадаў, што “страх не з’яўляецца добрым дарадчыкам” у пытанні бежанцаў ці сітуацыі з беспрацоўем. Страх не дапаможа ў вырашэнні ніякіх грамадскіх праблем, не адкрые ніякіх перспектыў на будучыню, напісаў аўстрыйскі пурпурат у сваёй аўтарскай рубрыцы, якая кожны тыдзень выходзіць на старонках бесплатнай газеты “Heute”.

Арцыбіскуп Венскі падкрэсліў, што бацькі не змогуць добра падрыхтаваць сваіх дзяцей, “калі будуць толькі вызначаць ім межы і захоўваць ад небяспекаў, замест таго, каб добра развіваць іх здольнасці”. У артыкуле, які з’явіўся напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Аўстрыі ён адзначыў, што “менавіта гэтага патрабуе грамадства” краіны.

Артыкул выйшаў пад назвай “Пазбаўцеся страху”. Кардынал Шонборн нагадаў пра аднайменную кнігу аўстрыйскага тэолага і сацыялога кс. Паўля Цулехнера, які заклікае там, дзе большасць людзей бачыць праблему, бачыць шанец.

Пурпурат нагадаў пра перадвыбарчы дэвіз Прэзідэнта ЗША Барака Абамы: “Yes, we can” (Так, мы можам) і заклікаў аўстрыйцаў прыйсці на выбары, паколькі “існуе вялікая патрэба ў людзях, якія не падтрымліваюць страхаў, але указваюць на магчымасць вырашэння праблем”. Ён нагадаў, што на старонках  Святога Пісання таксама часта паўтараецца заклік: “Не бойцеся!”.

Папярэдні падлік галасоў на прэзідэнцкіх выбарах у Аўстрыі паказаў, што ў другі тур, са значным адрывам ад іншых кандыдытаў, выходзіць лідэр правай “Партыі свабоды” Норбэрт Хофер, які крытычна ставіцца да палітыкі Еўрапейскага Саюза, у прыватнасці да міграцыйнай. 








All the contents on this site are copyrighted ©.