2016-04-23 14:03:00

Святы Айцец сустрэўся з новым нунцыем у ЗША


22 красавіка 2016 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане новага Апостальскага нунцыя ў Злучаных Штатах Амерыкі, арцыбіскупа Крыстофа Луі Іва Жоржа П’ера. Іерарх быў прызначаны на гэту пасаду 12 красавіка 2016 г. Да гэтага часу ён быў дыпламатычным прадстаўніком Святога Пасаду ў Мексіцы. 

“Папа мяне накіраваў, як свайго прадстаўніка і вельмі важна падкрэсліваць, што нунцыі – гэта прадстаўнікі Папы. Яны не прыязджаюць па “сваіх справах”, але, каб рабіць, тое, што ўказвае Пантыфік”, - сказаў дыпламат у каментары для Ватыканскага радыё.

Арцыбіскуп П’ер заўважыў, што роля нунцыя заключаецца ў тым, каб дапамагачы Папы больш ведаць пра жыццё мясцовых Касцёла, а мясцовым Касцёлам заставацца ў еднасці са Святым Айцом. “Гэта вялізарная і нялёгкая праца, але вядома, я адкрыты, гатовы да знаёмства, як было і падчас папярэдніх місій... Без праблем не абыходзіцца, але я пачынаю сваю місію з вялікім даверам. Напачатку трэба пазнаваць і слухаць. Думаю, што Папа цэніць менавіта гэта: здольнасць слухаць – калі ты не адпраўляешся з ужо загадзя падрыхтаванымі ідэямі”, - сказаў ён. 

69-гадовы іерарх французскага паходжання знаходзіцца на дыпламатычнай службе Апостальскай Сталіцы з 1973 г., калі распачаў навучанне ў Папскай касцёльнай акадэміі. У 1995 г. ён быў прызначаны Янам Паўлам II Апостальскім нунцыем на Гаіці, а ў 1999 г. быў пераведзены ва Уганду. Дыпламатычным прадстаўніком Папы ў Мексіцы арцыбіскуп П’ер быў з 2007 г. На пасадзе Апостальскага нунцыя ў ЗША іерарх замяніў сышоўшага на пенсію арцыбіскупа Карла Марыю Вігано.








All the contents on this site are copyrighted ©.