2016-04-23 10:38:00

Папа паспавядаў шаснаццаць падлеткаў


23 красавіка 2016 г. папа Францішак паспавядаў шаснаццаць падлеткаў, якія прымаюць удзел у сустрэчы для юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 13 да 16 гадоў, арганізаванай у Ватыкане з нагоды Юбілею Міласэрнасці. Пантыфік далучыўся да больш чым 150 спаведнікоў, якія размясціліся каля каланады Берніні на галоўнай ватыканскай плошчы. 

Юбілей для юнакоў і дзяўчат праходзіць 23-24 красавіка 2016 г. У ім прымаюць удзел каля 70 тыс. падлеткаў з Італіі, а таксама некаторых іншых еўрапейскіх краін: Вялікабрытаніі, Іспаніі, Партугаліі і Францыі.

Магчымасць споведзі на плошчы св. Пятра маладыя ўдзельнікі юбілейнага мерапрыемства будуць мець да вечара. Затым яны прымуць удзел у супольным вызнанні веры каля магілы апостала Пятра, пасля чаго накіруюцца на рымскі стадыён “Olimpico”, дзе іх будзе чакаць святочная праграма, з музыкай і сведчаннямі. Тут яны паслухаюць таксама відэа-пасланне папы Францішка.

У першай палове дня юнакі і дзяўчаны здзейснілі пілігрымку ад замка св. Анёла да ватыканскай плошчы і прайшлі праз “Святыя дзверы” базылікі св. Пятра. 

У нядзелю 24 красавіка на ватыканскай плошчы Пантыфік будзе цэлебраваць св. Імшу для ўдзельнікаў гэтай сустрэчы. Затым яны змогуць наведаць “Намёты міласэрнасці”, устаноўленыя на сямі плошчах гістарычнага цэнтра італьянскай сталіцы, дзе будуць мець магчымасць пачуць сведчанні аб учынках міласэрнасці для цела і для душы бліжняга.








All the contents on this site are copyrighted ©.