2016-04-23 13:26:00

Пантыфік святкуе імяніны


Папа Францішак святкуе свае імяніны. 23 красавіка Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін св. Юрыя. Менавіта гэта імя, у яго іспанамоўнай форме – Хорхэ, будучы Пантыфік атрымаў ад сваіх бацькоў. Па прычыне імянінаў Папы ў Ватыкане гэты дзень з’яўляецца выходным.

Нябесны апякун Святога Айца жыў на мяжы ІІІ-IV ст. Ён паходзіў з хрысціянскай палестынскай сям’і і займаў высокую вайсковую пасаду. Пасля смерці маці, ён атрымаў багатую спадчыну, якую раздаў бедным. У перыяд пераследу хрысціян імператарам Дыяклетыянам не адрокся ад сваёй веры, за што, пасля доўгіх катаванняў, быў забіты. Гэта адбылося 23 красавіка 303 г. Культ св. Юрыя з таго часу распаўсюдзіўся па ўсім хрысціянскім свеце.

Францішак быў ахрышчаны як Хорхэ Марыё, праз восем дзён пасля свайго нараджэння, 25 снежня 1936 года, у парафіяльным касцёле св. Карла Барамеа, на ўскраіне Буэнас-Айрэса, дзе пражывалі яго бацькі. Сакрамэнт хросту яму удзяліў італьянскі святар-салезіянін, кс. Энрыка Пацолі, які затым адыграў важную ролю ў духоўным станаўленні будучага Пантыфіка. Папа называў яго “па-сапраўднаму святым” і “прыкладам касцёльнага служэння і манаскага пасвячэння”.








All the contents on this site are copyrighted ©.