2016-04-22 11:22:00

Тэму будучага Сінода абмяркоўвалі ў Ватыкане


19-20 красавіка 2016 г. з удзелам папы Францішка ў Ватыкане прайшло пасяджэнне Рады Генеральнага сакратарыяту Сінода Біскупаў. Між іншым на ім падкрэслівалася станоўчая рэакцыя мясцовых Касцёлаў у розных частках свету на выданне Апостальскай адгартацыі “Amoris Laetitia”.

Удзельнікамі Рады былі прааналізаваны вынікі кансультацый праведзеных з дыкастэрыямі Рымскай курыі, Канферэнцыямі Біскупаў, Усходнімі Касцёламі і Аб’яднаннем вышэйшых настаяцеляў адносна тэмы наступнай Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў. Пасля шырокай дыскусіі, былі вылучаны некаторыя прапановы, якія будуць прадстаўлены для ацэнкі Святому Айцу.

Члены Рады працавалі над пераглядам “Ordo Synodi Episcoporum” (Парадак правядзення Сінода Біскупаў). У сувязі з гэтым біскуп Фабіа Фабэнэ, падсакратар Сінода Біскупаў, распавёў пра вучэбны семінар, спецыяльна арганізаваны Генеральным сакратарыятам, пасля прамовы Святога Айца ад 17 кастрычніка 2015 г. Члены Рады абмеркавалі гэту тэму ў малых групах і падчас пленарнай сесіі прадставілі справаздачы аб праведзенай працы.

Справаздачы групаў, між іншым, указалі на важнасць лучнасці паміж сінадальнасцю, калегіяльнасцю і служэннем Біскупа Рыма. На заканчэнне дыскусій папа Францішак падзякаваў членам Рады за іх працу і дух братэрскай еднасці, прысутны падчас пасяджэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.