2016-04-21 14:38:00

Папа прывітаў удзельнікаў экспедыцыі на Паўночны полюс


21 красавіка 2016 г. папа Францішак скіраваў пасланне да групы аргентынскай моладзі, якая здзейсняе экспедыцыю на Паўночны полюс. Падарожжа носіць адукацыйны характар і паклікана пазнаёміць юнакоў і дзяўчат з важнасцю аховы навакольнага асяроддзя. З сабой удзельнікі экспедыцыі нясуць копію энцыклікі Святога Айца аб экалогіі “Laudato si’”, а таксама аліўкавую галінку, якая сімвалізуе іх жаданне міру для ўсёй планеты. 

У сваім пасланні Пантыфік прывітаў удзельнікаў экспедыцыі і нагадаў пра цяжкую кліматычную сітуацыю. На яго думку, падобныя ініцыятывы дапамагаюць усвядоміць складанасць сітуацыі навакольнага асяроддзя, вычэрпальнасці натуральных рэсурсаў, праблему забруджванняў, а таксама несправядлівага размеркавання багаццяў. “Шлях, якім вы пройдзеце дэманструе, што дзякуючы любові, высілкам і працы ў камандзе, магчыма перамяніць муры ў масты”, - напісаў Папа.

Экспедыцыя аргентынскай моладзі на Паўночны полюс была арганізавана экалагічнай грамадскай арганізацыяй “Fundación Criteria” і каталіцкай ініцыятывай “Scholas Occurentes” – міжнароднай сеткай школ, якая ўзнікла ў Аргентыне па ініцыятыве Святога Айца, калі ён быў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса.








All the contents on this site are copyrighted ©.