2016-04-20 15:00:00

Беларускія ліквідатары сустрэліся з Францішкам


Сярод удзельнікаў сустрэчы папы Францішка з ліквідатарамі наступстваў аварыі на ЧАЭС, якая прайшла 20 красавіка 2016 г. у Ватыкане, быў Міхаіл Вобразаў, старшыня грамадскага аб’яднання Мінскі фонд дапамогі ахвярам катастрофы на ЧАЭС “26 красавіка” і яго жонка, Сафія Сініла, дацэнт кафедры хірургіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта. 

У 1986 г. Міхаіл Вобразаў працаваў у Белгідрамедзе, а калі было аб’яўленна аб аварыі на ЧАЭС, прымаў удзел у стварэнні карты радыяцыйнага забруджвання, даследваючы тэрыторыю, якая пацярпела ад выбуху. Яго жонка працавала хірургам у брагінскай раённай бальніцы, а затым праводзіла медыцынскі агляд людзей у 50-кіламетровай зоне. 

Пасля сустрэчы са Святым Айцом сужонкі завіталі ў Беларускую рэдакцыю Ватыканскага радыё, каб падзяліцца сваімі ўражаннямі. У першую чаргу ліквідатараў глыбока кранула ўвага Пантыфіка да чарнобыльскай праблемы, аб якой здавалася б многія ўжо забылі. 

“Гэта быў мужны крок, бо для міжнароднай супольнасці на працягу апошніх 30 гадоў існуе вялікае мноства выклікаў, акрамя Чарнобыля: ад Фукусімы да вайны на Блізкім Усходзе, ад сірыйскай праблемы да бежанцаў у Еўропе. Праблемы Чарнобыля, жадаем мы гэтага ці не, уходзяць не толькі на другі план, але і значна далей. Тое, што ў гэтым бурлівым свеце, які яшчэ ахапіў і крызіс, духоўны лідэр Каталіцкага Касцёла знайшоў час, знайшоў словы і магчымасць, сустрэцца з ліквідатарамі – гэта не простае рашэнне. Гэта рашэнне мужнага, мудрага чалавека”, - лічыць Міхаіл Вобразаў.

Падчас кароткай прыватнай сустрэчы з Францішкам беларускія ліквідатары мелі магчымасць уручыць яму падарункі. Міхаіл Вобразаў перадаў Пантыфіку гліняны званочак з сімвалам фонду “26 красавіка” і карту радыяцыйных забруджванняў, у складанні якой прымаў удзел, а Сафія Сініла – льняны рушнік з выявамі васількоў. Пантыфік падзякаваў за дары і падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл будзе рабіць усё магчымае, каб аказанне дапамогі ахвярам Чарнобылю працягвалася і каб памяць аб трагедыі не адыходзіла на другі план.

Беларускую дэлегацыю ліквідатараў на сустрэчы са Святым Айцом узначальваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён падкрэсліў, што аўдыенцыя для ліквідатараў цалкам упісваецца ў пантыфікат Францішка.

“Гэта першая сустрэча і яна вельмі адпавядае вучэнню Папы, бо яго энцыкліка “Laudato si’” як раз прысвечана ахове навакольнага асяроддзя. Мы ведаем наколькі гэта асяроддзе пацярпела і ва Украіне, у Беларусі, у Расіі і ў іншых краінах. Сённяшняе спатканне трапляе ў русла вучэння папы Францішка”, - сказаў беларускі іерарх. 

Арцыбіскуп Кандрусевіч таксама заўважыў, што 26 красавіка 2016 г. у мінскім архікатэдральным касцёле пройдзе св. Імша ў інтэнцыі ахвяр трагедыі на ЧАЭС. 








All the contents on this site are copyrighted ©.