2016-04-19 14:58:00

Святы Пасад: чалавек – не перашкода развіццю


“Павестка дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года аб’яднала ўсіх нас у выключай і амбіцыйнай мэце, якой з’яўляецца вызваленне ўсяго чалавецтва ад праблемы беднасці”, - падкрэсліў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Нью-Ёрку. 

Ватыканскі дыпламат прыняў удзел у сорак дзевятай сесіі Камісіі па народанасельніцтве і развіццю. Яна была прысвечана ўдасканаленню метадаў збору і аналізу статыстычных дадзеных, як галоўнага індыкатара развіцця. 

Арцыбіскуп Аўса звярнуў увагу на тое, што нягледзячы на добрыя намеры ў спробах вырашэння праблемы беднасці, чалавечая асоба нярэдка губляецца, пасярод складаных паказчыкаў і палітычных прыярытэтаў, якія лічаць чалавека хутчэй перашкодай, а не прычынай для развіцця.

Прадстаўнік Святога Пасаду заўважыў, што статыстычныя дадзеныя ніколі не з’яўляюцца нейтральнымі. Яны заўсёды кажуць пра тое, як разумеецца чалавечая асоба і якія існуюць прыярытэты. У сувязі з гэтым, ён указаў на патрэбу ў такой нацыянальнай і міжнароднай палітыцы, якая не будзе абмежавана вузкімі ідэалогіямі.

Арцыбіскуп Аўса нагадаў, што асновай інтэгральнага развіцця з’яўляецца права чалавека на жыццё. “Мая дэлегацыя жадае падкрэсліць, што стабільныя і справядлівыя грамадствы не будуюцца на фундаменце індывідуалізму”, - сцвердзіў дыпламатычны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН.

Сорак дзевятая сесія Камісіі па народанасельніцтве і развіццю праходзіла ў Нью-Ёрку 11-15 красавіка 2016 г. Яе ўдзельнікі абмяркоўвалі тэндэнцыі ў галіне памяшнэння смяротнасці і нараджальнасці, сітуацыю пажылых асобаў, моладзі і мігрантаў, а таксама выдаткі і перавагі ўрбанізацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.