2016-04-19 13:32:00

Кардынал: Еўропа павінна пачуць пасланне з Лесбаса


Еўропа павінна прыслухацца да паслання, якое прагучала на Лесбасе і зразумець значэнне жэстаў Папы, перакананы старшыня Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў. Кардынал Антоніа Марыя Вэльё заўважыў, што трагедыя ў Міжземным моры, якая здарылася 17 красавіка 2016 г. і ўнесла жыцці каля 400 бежанцаў, дэманструе свету тэрміновую важнасць папскага закліку да вырашэння гэтага вялікага гуманітарнага крызісу.

Ватыканскі пурпурат заўважыў, што Францішак з’яўляецца адзіным сусветным лідэрам, які рашуча нагадвае аб правах мігрантаў і з’яўляецца іх голасам. Ужо на Лампедузе прагучаў яго заклік да салідарнасці. Зараз ён нагадаў, што мігранты, гэта не лічбы і не паштовыя пасылкі, а канкрэтныя людзі. Такім чынам ён паказвае, што вырашэнне гуманітарнага крызісу павінна мець чалавечае аблічча, а не заключацца ў будаванні чарговых муроў, перакананы кардынал Вэльё.

На думку іерарха, нягледзячы на тое, што візіт Пантыфіка на Лесбас быў гуманітарным актам, ён павінен знайсці водгук сярод палітыкаў. “Гэта мне здаецца нармальным і нават справядлівым”, - сказаў ён.

Старшыня Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў заўважыў, што вынікам закрыцця балканскага шляху для бежанцаў, стала актывізацыя міграцыйнага руху праз Міжземнае мора, што прыводзіць да гібелі мноства людзей. 

Паводле дадзеных Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (IOM), штодзённа каля 2 тыс. чалавек дасягаюць берагоў Еўропы марскім шляхам. З пачатку 2016 г. праз Міжземнае мора на Стары Кантынент патрапілі каля 179 тыс. чалавек. Некалькі сотняў загінулі або зніклі без вестак.








All the contents on this site are copyrighted ©.