2016-04-18 14:52:00

Папа прыняў Прэзідэнта Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі


18 красавіка 2016 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Прэзідэнта Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі Фостэн-Аршанжа Туадэра. Палітык таксама правёў сустрэчу з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, якога суправаджаў сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Галахер.

У ходзе сардэчных размоваў узгадвалася пра цёплы прыём аказаны Святому Айцу падчас яго візіту ў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку ў лістападзе 2015 г.. Гаворка ішла пра нядаўнія прэзідэнцкія выбары ў краіне, а таксама абнаўленне дзяржаўных структур – падзеі, якія адбываюцца ў канструктыўнай атмасферы, чаму садзейнічае дыялог паміж рэлігійнымі канфесіямі. Выказвалася пажаданне міру і росквіту для ўсяго народу. У той жа час, падкрэслівалася, што наступствы канфлікту апошніх гадоў працягваюць абцяжарваць жыццё насельніцтва. Адзначалася важнасць падтрымкі краіны з боку міжнароднай супольнасці.

Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі добрыя двухбаковыя адносіны, якія існуюць паміж Святым Пасадам і Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікай. Выказвалася пажаданне іх умацавання ў рамках юрыдычных інструментаў прадугледжаных міжнародным правам. Быў высока ацэнены ўклад Каталіцкага Касцёла ў жыццё грамадства, асабліва ў сферы адукацыі і аховы здароўя, у тым ліку ў перспектыве прымірэння і адбудовы дзяржавы.   








All the contents on this site are copyrighted ©.