2016-04-16 11:29:00

Святы Айцец сустрэўся з прэм'ер-міністрам Грэцыі


“Я прыбыў, каб падзякаваць Грэцыі за яе велікадушнасць”, - сказаў папа Францішак па прыбыцці на грэчаскі востраў Лесбас 16 красавіка 2016 г.. У аэрапорце “Адзісеас Эліціс” горада Міціліні, які звязвае востраў з мацерыковай часткай Грэцыі, яго сустрэў прэм’ер-міністр краіны Алексіс Цыпрас, Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І, Архіепіскап Афін і ўсяе Грэцыі Іеранім ІІ, а таксама старшыня каталіцкага епіскапату Грэцыі, біскуп Франгіскас Папаманоліс.

Пасля цырымоніі прывітання і выканання гімнаў, Францішак накіраваў на прыватную сустрэчу з грэчаскім прэм’ерам. Алексіс Цыпрас распавёў Святому Айцу аб намаганнях грамадства і Цэркваў на карысць людзей, якія ўцякаюць ад вайны. Ён нагадаў, што хрысціянская супольнасць Грэцыі з’яўляецца самай старажытнай у Еўропе. Палітык падзякаваў Папе за заклікі да гасціннасці, у час калі іншыя лідэры хрысціянскіх краін узводзяць бар’еры на Старым Кантыненце.

Бакі абмеркавалі сітуацыю на востраве Лесбас. Імі падкрэслівалася, што цяперашні міграцыйны крызіс з’яўляецца агульнаеўрапейскай і міжнароднай праблемай і патрабуе вырашэння з павагай да еўрапейскіх і міжнародных законаў. Францішак высока ацаніў пазіцыю грэчаскага народу, які нягледзячы на складаную эканамічную сітуацыю прадэманстраваў салідарнасць і вернасць паўсюдным каштоўнасцям. 

У ходзе размовы звярталася ўвага на неабходнасць абароны людзей ад рызыкавання жыццём падчас пераадолення Эгейскага і Міжземнага мора, барацьбы з сеткамі гандляроў людзьмі, стварэння ўмоў для немагчымасці выкарыстання небяспечных шляхоў для міграцыі і развіцця бяспечных працэдур для прыбывання людзей у Еўропу. “Грэцыя – гэта калыскага гуманізму і відавочна, што яна працягвае даваць прыглад гуманнасці”, - сказаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.