2016-04-15 11:38:00

Год без айца Надсана – новыя выклікі для грэка-католікаў


Сёння грэка-католікі Беларусі, і не толькі, успамінаюць айца Аляксандра Надсана – знакамітага суайчынніка, святара, публіцыста і перакладчыка. 15 красавіка 2016 г. спаўняецца роўна год з моманту, як яго не стала. У гэты дзень ў Беларусі і за мяжой вернікі моляцца і дзякуюць за яго вялікую працу на зямлі. 

Менавіта на літургічных перакладах айца Надсана адбывалася станаўленне грэка-каталіцкай супольнасці 25 год таму, менавіта ён захаваў такую спадчыну, якую цяперашняму пакаленню яшчэ трэба будзе асэнсаваць, адзначыў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Апольстальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, архімандрыт Сяргей Гаек. 

“Можна сказаць, што евангелізацыю на беларускай мове ў свой час пачаў Францішак Скарына, а вельмі значны ўклад у гэтую справу ўнёс айцец Аляксандр Надсан. І не толькі для грэка-католікаў, але і для ўсіх хрысціян Беларусі. Трэба сказаць, што ён пакінуў спадчыну і мы павінны вырашыць, што з ёй рабіць. Гэта выклік для нас. Ёсць кнігі, якія ён пачаў пісаць і не скончыў. Напрыклад, кніга пра айцаЛьва Гарошку”, - сказаў святар. 

У Грэка-Каталіцкай Царкве Беларусі спадзяюцца, што справа Надсана будзе працягнута. Аўтарытэт для святароў і іскра для вернікаў – ён нібыта звязваў пакаленні і запальваў тых, хто імкнуўся да веры, нагадаў архімандрыт. “Гэта заданне на будучыню. Нам вядома не хапае аўтарытэта, які б накіроўваў нашу працу, нягледячы на тое, што справу Надсана працягваюць яго бліжайшыя супрацоўнікі ў Велікабрытаніі і ЗША. Але калі мы прыйшлі на абяцаную зямлю, не трэба спыняцца, трэба ісці далей”, - лічыць айцец Гаек. 

Айца Аляксандра Надсана ўспамінаюць не толькі як таленавітага даследчыка, дасканалага перакладчыка, але асабліва – як сапраўднага пастыра. І асобу, якая яднала ўсіх грэка-католікаў замежжа. Чаго зараз, мабыць, не хапае, прызнаўся архімандрыт Сяргей Гаек. 

Яшчэ перад адыходам да вечнасці айца Надсана, Апостальскага візітатара для грэка-католікаў замежжа, адбыліся пэўныя змены: грэка-каталіцкія структуры замежжа ўліліся ў жыццё мясцовых Касцёлаў. “Структурна гэта спрасціла працу душпастыраў замежжа. Не перастала цікавіцца духоўным жыццём грэка-католікаў і Кангрэгацыя па справах Усходніх Касцёлаў. Але, вядома, не хапае духоўнага лідэра. Гэта новая сітуацыя. Ёсць плюсы і мінусы. У сэнсе структурнай дынамізацыі нічога дрэннага не адбылося, а наадварот. Іншая справа, што недахоп духоўнага лідэра – выклік. Трэба асэнсаваць усё гэта і выкарыстаць той скарб, які дадзены”, - лічыць архімандрыт Сяргей Гаек.

Айцец Аляксандр Надсан памёр 15 красавіка 2015 года ў Лондане, заставіўшы пасля сябе, вядома, вялікую духоўную і літаратурную спадчыну. А яшчэ пытанні, роздумы і, галоўнае, прыклад – адданага жыцця і цярплівай працы дзеля адраджэння веры і Бацькаўшчыны. 








All the contents on this site are copyrighted ©.