2016-04-14 15:05:00

Святы Пасад выступіў у абароне дзяцей-мігрантаў


Ватыканскі дыпламат звярнуў увагу на сітуацыю дзяцей-мігрантаў, якія па тых ці іншых прычынах засталіся без належнай апекі. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе прыняў удзел ў 16-й канферэнцыі Альянсу супраць гандлю людзьмі. Форум праходзіў 11-12 красавіка ў сталіцы Аўстрыі, Вене. 

Кс. Януш Урбанчык распавёў, што такія дзеці нярэдка становяцца ахвярамі гадляроў людзьмі. Галоўным чынам, яны прымушаюцца да жабравання, крадзяжу, распаўсюджвання наркотыкаў або продажу крадзеных рэчаў, сексуальнай эксплуатацыі, прастытуцыі і выкарыстоўваюцца ў сферы гандлю чалавечым органамі. 

Прадстаўнік Святога Пасаду заклікаў да актыўнага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, каб супрацьстаяць гэтай з’яве, якая павінна быць прызнана “злачынствам супраць чалавецтва”.

На думку ватыканскага дыпламата, у актуальным кантэксце неабходна спрыяць пашырэнню легальных і падкантрольных каналаў міграцыі, а таксама глыбока вывучаць, як дзейнічаюць у гэтай сферы злачынцы, каб супрацьстаяць ім. Святар нагадаў, што Каталіцкі Касцёл на працягу многіх гадоў задзейнічаны ў рэалізацыю сетак па абароне мігрантаў і гуманітарных калідораў, якія памяншаюць рызыку злоўжыванняў.








All the contents on this site are copyrighted ©.