2016-04-13 14:42:00

Папскія кансультанты пра ролю нунцыяў і выбар біскупаў


Большая частка трохдзённай сустрэчы Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам была прысвечана далейшаму разгляду ролі і місіі структур Рымскай курыі, у кантэксце новай Апостальскай канстытуцыі, паведаміў кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Другое ў гэтым годзе пасяджэнне папскіх кансультантаў завяршылася 13 красавіка 2016 г. у Ватыкане. 

Кіраўнік Залы Друку паінфармаваў, што кардыналы завяршылі абмеркаванне праекту стварэння дзвюх новых ватыканскіх дыкастэрый. Святы Айцец атрымаў канчатковыя вывады адносна гэтых новых структур, адна з якіх зоймецца пытаннямі свецкіх вернікаў і сямейнага жыцця, а другая – справядлівасці і міру, для прыняцця канчатковага рашэння.

На сустрэчы абмяркоўваліся і іншыя тэмы. У прыватнасці, гаворка ішла пра крытэрыі збору інфармацыі для прызначэння новых біскупаў, у святле іх тоеснасці і пастырскай місіі; пра значэнне і ролю нунцыяў; пра эканамічныя пытанні і дзейнасць па абароне непаўналетніх.

У апошні дзень Рада занялася апрацоўкай розных прапаноў і меркаванняў, якія прагучалі да гэтага часу на сустрэчах, для таго, каб прыступіць да структурызацыі агульнай прапановы, якая будзе накіравана Святому Айцу ў кантэксце далейшага выдання новай Апостальскай канстытуцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.