2016-04-13 11:59:00

Ватыкан: канферэнцыя з удзелам Сандэрса, Маралеса і Карэа


З удзелам высокага рангу гасцей 15-16 красавіка 2016 г. пройдзе канферэнцыя, арганізаваная Папскай акадэміяй сацыяльных навук. Такім чынам у Ватыкане адзначаць 125-гадовы юбілей выдання сацыяльнай энцыклікі “Rerum Novarum” і 25-гадовы – энцыклікі “Centesimus Annus”. Апошнюю выдаў Ян Павел II 1 мая 1991 г., у 100-годдзе з дня выхаду першай у гісторыі энцыклікі Льва XIII, поўнасцю прысвечанай сацыяльным пытанням.

Дыскусіі у рамках форуму пад назвай “Centesimus Annus – праз 25 гадоў” узначаляць прэзідэнт Папскай акадэміі Маргарэт Арчэр і яе канцлер, біскуп Марсэла Санчэс Саронда. Прыедуць больш за 20 экспертаў. Яны будуць разважаць аб новай сацыяльна-эканамічнай палітыцы ў перыяд пасля фінансавага крызісу.

Сярод выступоўцаў – тры палітыкі левага напрамку, а менавіта Прэзідэнты Балівіі і Эквадора, Эва Маралес і Рафаэль Карэа, а таксама кандыдат у прэзідэнты ЗША ад дэмакратычнай партыі Берні Сандэрс. Эквадорскі Прэзідэнт Карэа добра ведае каталіцкае сацыяльнае вучэнне. Ён навучаўся ў Лувенскім каталіцкім універсітэце і лічыцца прадстаўніком “Сацыялізму ХХІ-га стагоддзя”, на які паўздзейнічала тэалогія вызвалення. Найбольшую цікавасць СМІ, аднак, выклікае прысутнасць Берні Сандэрса, якога на ватыканскую канферэнцыю запрасіў асабіста біскуп Санчэс Саронда. Сандэрс заявіў у адным з нядаўніх інтэрв’ю, што ён “вялікі прыхільнік Папы”, хоць і не згаджаецца з ім у некаторых пытаннях.








All the contents on this site are copyrighted ©.