2016-04-12 15:03:00

Святы Пасад негатыўна пра аўтаномныя сістэмы узбраенняў


Спыніць заганнае кола ўсё большай і большай тэхналагізацыі ўзброенняў, заклікаў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН падчас нефармальнай нарады экспертаў па летальных аўтаномных сістэмах узбраенняў. Яна прайшла 11 красавіка 2016 г. у Жэневе.

Арцыбіскуп Іван Юркавіч нагадаў, што Святы Пасад заклікае дзяржавы спыніць развіццё і выкарыстанне смяротнай аўтаномнай зброі. Ён заўважыў, што запозненая рэакцыя на развіццё ўзбраенняў, як здарылася з хімічнай і атамнай зброяй, каштуе мноства чалавечых жыццяў.

Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што рызыкі, звязаныя з выкарыстаннем сістэм аўтаномнай зброі занадта шматлікія і важныя, каб іх ігнараць. Машына, па сутнасці, прымае рашэнне аб жыцці і смерці чалавека, што прыводзіць да поўнай адсутнасці падсправаздачнасці. Іерарх заклікаў цвяроза ацаніць факты і прызнацца, што летальныя аўтаномныя сістэмы ўзбраенняў не ў стане змагацца супраць цяперашняга бедства тэрарызму і асіметрычных войнаў.

Паводле арцыбіскупа Юркавіча, інвеставанне сродкаў у развіццё вайсковых робатаў не спрыяе абароне міру, але уяўляе сабой “прагрэсіўнае падбухторванне да вайны”. Ён падкрэсліў, што для дасягнення міру неабходна не павелічэнне ўзбраенняў, але “змена мыслення”. Мір нараджаецца дзякуючы ўзаемнаму даверу паміж народамі і краінамі, а не з-за страху перад зброяй. Сапраўдная вайна, у якой трэба перамагчы, гэта вайна за справядлівасць, правы чалавека, інтэгральнае развіццё і павагу да меншасцяў, нагадаў ватыканскі дыпламат.








All the contents on this site are copyrighted ©.