2016-04-11 13:24:00

Францішак моліцца за ахвяр пажару ў Індыі


Пантыфік накіраваў спачуванні сем’ям ахвяр трагічнага пажару ў Індыі, у выніку якога загінулі 110 чалавек, і 350 атрымалі раненні. Францішак запэўніў у сваёй малітве за ахвяр трагічнага здарэння, пацярпелых у яго выніку, іх сем’і і за тых, хто нясе ім дапамогу.

Пажар успыхнуў у індуісцкім храме ў штаце Керала на паўднёвым захадзе краіны. Гэта адбылося, калі адзін з феерверкаў трапіў на дах склада, дзе захоўваліся іншыя піратэхнічныя вырабы, сабраныя ў ходзе падрыхтоўкі да свята Вішу, які вызначае ў штаце Керала першы дзень года па мясцовым календары. Ён прыпадае на чацвер, 14 красавіка 2016 г.

Насуперак правілам, феерверкі захоўваліся ў храме. Агонь хутка распаўсюдзіўся на бліжэйшыя будынкі, блакуючы шлях эвакуацыі людзей, якія знаходзіліся ў храмавым комплексе.








All the contents on this site are copyrighted ©.