2016-04-11 11:12:00

Рада кардыналаў-кансультантаў сабралася ў Ватыкане


Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам сабралася 11 красавіка 2016 г. у Ватыкане на сваё трохдзённае пасяджэнне. На ім прысутнічае папа Францішак. Сустрэчы гэтага кансультатыўнага органу маюць рэгулярны характар. Сёлета кардыналы збіраюцца ўжо ў другі раз.

Падчас папярэдняй нарады, якая праходзіла ў Ватыкане 8-9 лютага 2016 г., галоўнай тэмай было развіццё “калегіяльнасці” ў Касцёле са спасылкай на “неабходнасць дзейнічаць у здаровай дэцэнтралізацыі”. Менавіта гэта, на думку кардыналаў, “з’яўляецца важным арыенцірам для рэфармавання працы Рымскай курыі”.

Падчас мінулай сустрэчы адбылося таксама “фінальнае” абмеркаванне прапановы заснавання дзвюх новых ватыканскіх дыкастэрый. Першая павінна заняцца пытаннямі свецкіх вернікаў і сямейнага жыцця, а другая – пытаннямі справядлівасці і міру, а таксама міграцыі. Святому Айцу былі ўручаны прапановы для прыняцця ім канчатковага рашэння.

Гаворка на лютаўскай нарадзе ішла таксама і пра два іншыя ватыканскія “ведамствы”: Дзяржаўны сакратарыят і Кангрэгацыю Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. Кардыналы прадставілі свае меркаванні і прапановы адносна паляпшэння іх працы.








All the contents on this site are copyrighted ©.