2016-04-09 11:58:00

Пантыфік адправіцца ў Арменію, Грузію і Азербайджан


Папа Францішак паедзе ў Арменію, Грузію і Азербайджан. Аб гэтым 9 красавіка 2016 г. паведамілі ў Ватыкане. Гэта будуць два асобныя падарожжы. Першае – у чэрвені – у Арменію, другое – у верасні – у Грузію і Азербайджан. 

“Прымаючы запрашэнні Гарэгіна II, Вярхоўнага Патрыярха і Каталікоса ўсіх армян, грамадзянскіх уладаў і Каталіцкага Касцёла, Францішак адправіцца ў Арменію з 24 па 26 чэрвеня 2016 г.”, - гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Святога Пасаду. “У той жа час, прымаючы запрашэнні Яго Святасці Іллі II, Каталікоса Патрыярха ўсяе Грузіі, а таксама грамадзянскіх і рэлігійных уладаў Грузіі і Азербайджана, Святы Айцец здзейсніць сваё апостальскае падарожжа на Каўказ, наведваючы гэтыя дзве краіны з 30 верасня па 2 кастрычніка 2016 г.”, - адзначаецца ў той жа заяве.

Пакуль нічога не гаворыцца аб дакладнай праграме гэтых двух падарожжаў.

Гэта не першы візіт Рымскага Пантыфіка ў тры ўзгаданыя краіны. Раней іх наведаў Ян Павел ІІ. У лістападзе 1999 г. ён адправіўся ў Грузію, дзе падпісаў сумесную з Прадстаяцелем Грузінскай Царквы заяву, у якой прагучаў заклік да кіраўнікоў дзяржаў і міжнароднай супольнасці праявіць волю ў імя выратавання свету ад войнаў, насілля і тэрарызму, і на парозе трэцяга тысячагоддзя стварыць умовы для ўстанаўлення міру ва ўсім свеце. У звароце падкрэслівалася, што тэрарызм стаў новай і рэальнай небяспекай для ўсяго свету.

У верасні 2001 г., наведваючы Арменію, Ян Павел ІІ узяў удзел у святах, прысвечаных 1700-годдзю прыняцця краінай хрысціянства ў якасці дзяржаўнай рэлігіі.

У маі 2002 г. у Азербайджане Папа, між іншым, правёў сустрэчу з рэлігійнымі лідэрамі і прадстаўнікамі сферы палітыкі, культуры і мастацтва.








All the contents on this site are copyrighted ©.