2016-04-08 11:35:00

Францішак прыняў харвацкага прэм’ера


Святы Айцец Францішак 7 красавіка 2016 г. у Ватыкане прыняў на аўдыенцыі прэм’ер-міністра Рэспублікі Харватыя Ціхаміра Арэшкавіча. Палітык правёў сустрэчу таксама з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам. 

Падчас сардэчных размоў былі падкрэслены добрыя адносіны, якія існуюць паміж Святым Пасадам і Харватыяй. Прагучала агульнае жаданне працягваць канструктыўны дыялог па тэмах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, у тым ліку, адносна стасункаў паміж касцёльнай і грамадзянскай супольнасцямі. 

Бакі адзначылі важнае месца, якое харвацкія вернікі надаюць постаці благаслаўлёнага кардынала Алаізіе Стэпінаца. Гаворка ішла таксама пра сітуацыю харвацкага народа ў Босніі і Герцагавіне, паведаміла 8 красавіка 2016 г. Зала Друку Святога Пасаду.

У шырокім абмене думкамі па міжнародных і рэгіянальных пытаннях, была выказана асаблівая занепакоенасць з нагоды гуманітарнага крызісу бежанцаў з краін Блізкага Усходу, а таксама канфліктныя сітуацыі, якія ўплываюць на розныя рэгіёны свету, і дзеянні, якія імкнуцца аслабіць асновы грамадзянскага суіснавання.








All the contents on this site are copyrighted ©.