2016-04-07 15:13:00

Францішак: Касцёл патрабуе сёння сведкаў і мучанікаў


Паслядоўнае і мужнае сведчанне жыцця “святых штодзённасці” і мучанікаў, вядзе Касцёл наперад, адзначыў папа Францішак 7 красавіка 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.

У сваёй гаміліі Пантыфік пахіліўся над фрагментам з кнігі Дзеяў Апосталаў, дзе гаворка ідзе пра мужнасць св. Пятра, які рызыкуючы жыццём і насуперак забаронам абвяшчаў Евангелле, паколькі “трэба слухацца Бога больш, чым людзей”. Папа заўважыў, што Пётр тут прадстае ў выглядзе мужнага сведкі. “Хрысціянскае сведчанне падобнае на сведчанне Езуса, які ахвяраваў сваім жыццём”, - дадаў ён.

Адпаведнасць паміж жыццём і тым, што мы бачылі і чулі – гэта пачатак сведчання. Гэта заўсёды справа двух: не толькі чалавека, але і Святога Духа. “Без Святога Духа не можа быць хрысціянскага сведчання, паколькі хрысціянскае сведчанне, хрысціянскае жыццё – гэта ласка, якае даецца Панам праз Святога Духа”, - падкрэсліў Пантыфік.

Паводле Францішка, без ласкі Святога Духа немагчыма жыць тым, што кажаш і робіш. Гэта Ён дае мужнасць, неабходную для сведчання, якое сёння складаюць шматлікія вернікі.

“Гэта сведчанне нашых сучасных мучанікаў, якія выганняюца са сваёй зямлі, прымусова перасяляюцца, якіх абезгалоўліваюць, пераследуюць. Яны маюць адвагу, каб сведчыць аб Хрысце, аж да смерці. Гэта сведчанне хрысціян, якія сур’ёзна перажываюць сваё жыццё і кажуць: “Не магу чыніць зла іншаму, не магу падманваць, не магу весці палавінчатага жыцця, я павінен даваць сведчанне”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што калі наступаюць цяжкія часы, людзі часта кажуць: “Краіна патрабуе герояў”. У гэтым кантэксце ён спытаў: “Чаго патрабуе Касцёл сёння?”. На яго думку – сведкаў і мучанікаў, якія з’яўляюцца жыццядайнай крывёю Касцёла, якія вядуць Касцёл наперад і праз сваё жыццё, з моцай Духа Святога, сведчаць пра Хрыста, уваскрослага і жывога








All the contents on this site are copyrighted ©.