2016-04-07 15:36:00

Дэлегацыя метадыстаў на аўдыенцыі з Пантыфікам


7 красавіка 2016 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Сусветнай метадысцкай рады. Пантыфік высока ацаніў адкрыццё ў Рыме Экуменічнага Метадысцкага Бюро, што, на яго думку, з’яўляецца знакам умацавання адносін і супольнага жадання пераадолець бар’еры, “якія перашкаджаюць увасці ў поўнае адзінства”. Францішак пажадаў, каб гэта структура стала месцам сустрэчы паміж метадыстамі і католікамі.

Папа таксама нагадаў, што 50 гадоў таму была створана Каталіцка-метадысцкая камісія па тэалагічным дыялогу. Яе плёнам стане сумесны дакумент аб пакліканні да святасці, асновай якога стала, прынятая метадыстамі, каталіцка-лютэранская Дэкларацыя аб апраўднанні. Ён будзе апублікаваны напрыканцы 2016 г.

Францішак лічыць, што католікі і метадысты могуць шмат чаму навучыцца адно ад аднаго, асабліва ў разуменні святасці і жыцця ёй. Для гэтага патрэбны рэгулярныя сустрэчы, паглыбленне знаёмства, паважлівыя адносіны адно да аднаго і супольнае сведчанне перад светам, нягледзячы на існуючыя паміж супольнасцямі адметнасці і разыходжанні ў поглядах на некаторыя пытанні.








All the contents on this site are copyrighted ©.