2016-04-06 10:41:00

Праваслаўныя запрасілі Папу наведаць бежанцаў у Грэцыі


Святы Пасад пацвердзіў 6 красавіка 2016 г., што існуюць кантакты з грамадзянскімі і рэлігійнымі ўладамі Грэцыі на тэму магчымага візіта ў краіну Святога Айца Францішка. Тым не менш, кіраўнік Залы Друку, кс. Фэдэрыка Ламбардзі заклікаў пачакаць афіцыйных паведамленняў у дачыненні да канчатковага рашэння па гэтым візіце, яго месцы і даце. На сённяшні дзень такога рашэння не прынята, падкрэсліў ён.

На афіцыйным сайце Грэчаскай Праваслаўнай Царквы, гаворыцца, што Святы Сінод 5 красавіка 2016 г. разглядаў пытанне візіту Пантыфіка. Аб жаданні Францішка наведаць краіну паведаміў Архіепіскап Афінскі і ўсяе Грэцыі Іеранім II. Сваім візітам, як падкрэсліў іерарх, Папа зробіць унёсак у павышэнне свядомасці міжнароднай супольнасці ў неабходнасці неадкладнага спынення ваенных дзеянняў у рэгіёне Міжземнамор’я і Блізкага Усходу, што моцна ўплывае на хрысціянскія супольнасці і з’яўляецца прычынай буйной гуманітарнай праблемы, звязанай з бежанцамі.

Святы Сінод Грэчаскай Царквы прыняў прапанову Францішка і запрасіў яго адправіцца на востраў Лесбас, адзін з шматлікіх астравоў, якія глыбока перажываюць трагедыю бежанцаў, паведамляецца на афіцыйнай старонцы Царквы ў інтэрнэце. Сінод вырашыў запрасіць прыняць удзел у візіце таксама Патрыярха Канстантынопальскага Барталамея І, што, на думку яго членаў, стане сімвалам адзінства Праваслаўных Цэркваў.








All the contents on this site are copyrighted ©.