2016-04-04 14:48:00

Курсы для экзарцыстаў праходзяць у папскім універсітэце


4 красавіка 2016 г. у Папскім універсітэце “Regina Apostolorum” пачаліся курсы для экзарцыстаў. Яны пройдуць ужо ў аддзінаццаты раз і пакліканы дапамагчы біскупам з розных частак свету ў падрыхтоўцы святароў, якім даверана гэта асаблівае служэнне. Тэма сёлетняга семінара гучыць як: “Экзарцызм і малітва вызвалення”.

Ідэя праводзіць падобныя курсы на ўніверсітэцкім узроўні нарадзілася менавіта з жадання вырашыць цяжкасці ў якіх знаходзяцца святары, калі павінны адказаць на праблемы звязаныя з жаданнем людзей вызваліцца ад кантакту са светам акультызму, магіі і сатанізму. Упершыню падобная ініцыятыва праходзіла ў 2004-2005 вучэбным годзе, распавёў Ватыканскаму радыё заснавальнік курсаў, прафесар Джузэпэ Ферарыс.

Семінар з’яўляецца шматдысцыплінарным. Падчас яго закранаецца мноства розных тэм і экзарцызская дзейнасць разглядаецца з розных аспектаў: касцёльнага, тэалагічнага, біблійнага, літургічнага, катэхетычнага, кананічнага, а таксама медыцынскага і псіхалагічнага, юрыдычнага, крыміналістычнага і фармалагалічнага.

Паводле прафесара Ферарыса, сучаснае грамадства, на працягу пэўнага перыяду, ішло да забыцця ідэі аб існаванні д’ябла, імкнулася не размаўляць на гэту тэму, разглядаючы яе ў якасці забабону. У выніку вялікая колькасць людзей, асабліва моладзі стала звяртацца да акультызму і сатанізму. На думку даследчыка, сёння цікавасць да д’ябла выбухнула з новай сілай і пацвярджэннем гэтага з’яўляецца адлюстраванне гэтай тэмы ў медыя-прасторы.

Заснавальнік курсаў заўважыў, што існаваў перыяд, калі аб сатанізме не хацела размаўляць ні каталіцкая ні пратэстанская тэалогія. У выніку многія святары аказаліся непадрыхтаванымі ў дадзенай тэматыцы і  не ведалі, як адказаць на звязаныя з ёй праблемы. Дапамагчы тут пакліканы семінар, які праходзіць у Рыме.








All the contents on this site are copyrighted ©.