2016-04-02 11:06:00

Кардынал: міласэрнасць – шлях евангелізацыі


Калі Бог стаў чужынцам, асабліва ў Еўропе і нашым заходнім свеце, “хрысціяне маюць за гэта пэўную адказнасць”, таму што “часта кажуць пра Бога такім чынам, які не дакладна адпавядае Евангеллю, Добрай Навіне, часта кажуць не пра Бога, які ёсць у Евангеллі, але пра Бога, які палохае, пагражае і карае”, заўважыў кардынал Вальтэр Каспер, старшыня на пенсіі Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. 1 красавіка 2016 г. пурпурат звярнуўся да ўдзельнікаў Еўрапейскага апостальскага кангрэсу Божай Міласэрнасці, што праходзіць у Рыме.

Кардынал Каспер нагадаў словы св. Яна ХХІІІ, пра тое, што сёння час не для таго, каб “узбройвацца строгасцю”, але, каб лячыць “лекам міласэрнасці”. “Сёння – кажа папа Францішак – час міласэрнасці. Касцёл сёння пакліканы быць палявым шпіталём”, - дадаў ён.

Кардынал Каспер перакананы, што памылкова параўноўваць міласэрнасць з простым дабрадзействам і ствараць вобраз Бога добра выхаванага і бясшкоднага, які не ставіцца сур’ёзна да грахоў і зла. У той жа час памылкова таксама супрацьпастаўляць праўду і міласэрнасць, як робяць некаторыя, заўважыў ён. 

Сапрадная міласэрнасць “адкрывае нам шлях для новай евангелізацыі”, бо азначае сустрэчу з Езусам “у бедных, галодных, прагнучых, ва ўсіх патрабуючых братах і сёстрах”. Святыя, гэтыя тыя, хто сур’ёзна ставіўся да Божай міласэрнасці, сказаў ён. 

Напрыканцы свайго дакладу кардынал Каспер пажадаў, каб Касцёл не быў закрытай у сабе групе выбраных, якая аддзяляе сябе ад “так званай згубленай масы”, але, каб быў Касцёлам з расчыненымі дзвярыма, Касцёлам бедным і для бедных, Касцёлам місійным, які выходзіць насустрач людзям, які ведае, што немагчыма казаць пра Бога, які з’яўляецца міласэрнасцю, не жывучы міласэрнасцю. 








All the contents on this site are copyrighted ©.