2016-03-31 11:29:00

Святы Пасад: жанчыны – архітэктары міру ў Афрыцы


Без укладу жанчын немагчыма дасягнуць мэтаў у галіне ўстойлівага развіцця, гэта падкрэсліў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН на пасяджэнні, якое праходзіла ў Нью-Ёрку на тэму ролі жанчын ў прадухіленні і вырашэнні канфліктаў у Афрыцы.

Сярод сямнаццаці мэтаў, якія ААН прапануе дасягнуць да 2030 года, узгадваецца “спрыянне пабудове міралюбівых і адкрытых грамадстваў у інтарэсах устойлівага развіцця”. Але гэта яшчэ “далёкая мара” для “многіх краін Афрыкі, асабліва для Рэгіёна Вялікіх азёраў”, якому жанчыны могуць дапамагачы стаць рэальнасцю, перакананы ватыканскі дыпламат.

“Апостальская Сталіца, – патлумачыў арцыбіскуп Аўса, – высока цэніць ініцыятывы, прадпрынятыя Радай Бяспекі ААН і ўрадамі, на карысць большага “прызнання жыццядайнай ролі жанчын у прэвентыўнай дыпламатыі, пасярэдніцтве, працэсах будавання і захавання міру”, але лічыць, што “гэта прызнанне павінна цалкам пераўтаварыцца ў дзеянні, каб даць свабоду кампетэнцыям і здольнасцям, якія належаць жанчынам і вывесці парадак з хаосу, адзінства з падзелаў і мір з канфліктаў”.

Жанчыны маюць асаблівы дар навучання людзей чуласці і ўвазе да патрэбаў іншых, што фундаментальна важна ў вырашэнні канфліктаў і спрыянні прымірэнню пасля іх. Таму Касцёл падтрымлівае праз розныя ініцыятывы, жанчын, якія ў Афрыцы бароняць самых слабых, прадухіляюць падзелы, клапоцяцца пра ахвяраў вайны, умацоўваюць крохкі мір, спрыяюць абароне фундаментальных правоў чалавека. Паводле прадстаўніка Святога Пасада, Афрыцы можа дапамагчы павелічэнне колькасці жанчын на палітычных і дыпламатычных пасадах і гарантаванне ўсім жанчынам магчымасці атрымання адукацыі, чаму актыўна спрыяе Каталіцкі Касцёл.

Арцыбіскуп Ауса заўважыў, што многія жанчыны працягваюць падвяргацца насіллю і вымушаны весці сапраўдную барацьбу за выйсце са стану маргіналізацыі, адчужэння і пакінутасці. Дыпламат закрануў праблему гвалтавання жанчын падчас узброенных канфліктаў, злоўжыванняў, якім яны падвяргаюцца ў лагерах для бежанцаў, гандлю з мэтай іх далейшага сексуальнага выкарыстання, абортаў, прымусовых навяртанняў на іншую рэлігію і прымусовых шлюбаў. Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы звярнуўся да міжнароднай супольнасці з заклікам пакласці канец “гэтым варварскім дзеянням супраць жанчын і дзяўчын”.








All the contents on this site are copyrighted ©.