2016-03-31 12:07:00

Гаміліі Францішка – новы літаратурны жанр


Гаміліі, якія папа Францішак прамаўляе амаль кожную раніцу падчас св. Імшаў у капліцы Дому св. Марты, сталі ўжо своеасаблівым літаратурным жанрам, лічыць прэфект ватыканскага Сакратарыяту па камунікацыі. 30 сакавіка 2016 г. кс. Дарыё Вігано прыняў удзел у прэзентацыі кнігі “Думкі для Святога Года”, выдадзенай Ватыканскім выдавецтвам, якая ўтрымлівае каментары да гамілій Пантыфіка. 

Цікава, што іх аўтарам стаў не тэолаг, а журналіст і прафесар “сацыялогіі культурна-камунікатыўных працэсаў” аднаго з рымскіх універсітэтаў, Джанп’ера Гамалеры.

Выступаючы на прэзентацыі, кс. Вігано ахарактарызаваў “метад” прапаведвання Францішка. Ён заўважыў, што Папа дапамагае зразумець Божае слова, распавядаючы аб ім па-новаму і задаючы пытанні сабе і вернікам адносна таго, што Езус або біблійныя постаці кажуць асабіста кожнаму з прысутных на Эўхарыстыі. “Тэкст, такім чынам, становіцца вельмі блізкім, прывязвае да сябе, што дазваляе глядзець на свет, падзеі, адносіны вачыма Бога”, - лічыць кіраўнік дыкастэрыі.

Святы Айцец з’яўляецца прапаведнікам-расказчыкам, заўважыў кс. Вігано; ён прамаўляе не з дапамогай паняццяў і абстрактных вобразаў, але распавядае гісторыі. Гэта спосаб зрабіць змест біблійнага паслання больш зразумелым і блізкім для людзей, якія яго слухаюць.

Іншай рысай камунікацыі Пантыфіка кс. Вігано назваў узаемадзеянне са слухачамі. Ён нагадаў, як часта Папа задае ім пытанні і неаднаразова паўтарае сказаныя папярэдне словы. Паводле прэфекта Сакратарыяту па камунікацыі, падставай грунтоўнасці паслання Францішка з’яўляецца яго прасякнутасць багатым досведам служэння і праўдай жыцця. 








All the contents on this site are copyrighted ©.