2016-03-31 15:48:00

Апостальская Пэнітэнцыярыя праводзіць форум аб міласэрнасці


Апостальская Пэнітэнцыярыя праводзіць канферэнцыю, прысвечаную буле папы Францішка “Misericordiae Vultus”, якой быў абвешчаны Год Міласэрнасці. Двухдзённы форум пачаўся ў Рыме 31 сакавіка 2016 г. У першую чаргу, ён адрасаваны святарам, законнікам і законніцам, навучэнцам тэалагічных факультэтаў, душпастырскім супрацоўнікам і свецкім вернікам, якія прымаюць актыўны удзел у парафіяльным жыцці, сказаў Ватыканскаму радыё кс. Кшыштаф Ныкель, рэгент Пэнітэнцыярыі.

Падчас канферэнцыі падкрэслівалася, што міласэрнасць “гэта рака, якая спрадвеку і няспынна арашае ўсё поле Касцёла, а праз яго, увесь свет”. Галоўнае пасланне булы ў тым, што міласэрнасць – гэта сэрца Евангелля. Менавіта таму Касцёл павінен несці яе людзям, нагадаў святар.

У праграме форуму прадугледжаны выступленні выкладчыкаў папскіх універсітэтаў, журналістаў, вернікаў. Адкрыў форум кардынал Маўра Пьячэнца, кіраўнік Апостальскай Пэнітэнцыярыі.

Кс. Ныкель заўважыў, што міласэрнасць – гэта цэнтральная тэма пантыфікату папы Францішка, які не стамляецца паўтараць свету, што Бог – гэта Айцец, багаты міласэрнасцю, шчаслівы тым, што прабачае кожнае сваё дзіцё, якое навяртаецца да Яго з сэрцам поўным жалю і пакоры. “Божая міласэрнасць – гэта фундамент усёй душпастырскай дзейнасці папы Францішка, якая выражаецца канкрэтным чынам у яго незлічоных жэстах і бацькоўскай любові да апошніх, бедных, пакутуючых і маргіналізаваных, якія жывуць на экзістэнцыяльных перыферыях свету”, - сказаў прадстаўнік Пэнітэнцыярыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.