2016-03-30 11:43:00

Папа: сапраўдная патрэба чалавека – прабачэнне


Падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 30 сакавіка 2016 г. папа Францішак, завяршаючы цыкл катэхез аб міласэрнасці ў Старым Запавеце, патлумачыў значэнне Псальма 51, вядомага пад назвай “Miserere” (Змілуйся).

“Гаворка ідзе пра пакаянную малітву, дзе просьбе аб прабачэнні папярэднічае вызнанне віны, праз якое, той, хто моліцца, дазваляючы любові Пана ачысціць сябе, становіцца новым стварэннем, здольным да паслухмянасці, цвёрдасці духа і шчырага праслаўлення”, - нагадаў Папа.

Гэты псальм тычыцца сітуацыі караля Давіда, пакліканага Богам пасвіць Яго статак і весці яго сцежкамі паслухмянасці Божаму закону. Ён, аднак, здрадзіў гэтай сваёй місіі праз грэх чужалоства і арганізацыю забойства. Прарок Натан адкрыў каралю вочы і дапамог прызнаць правіны. “Гэта момант прымірэння з Богам праз вызнанне ўласнага граху”, - патлумачыў Пантыфік.

“Той, хто моліцца гэтым псальмам пакліканы мець тыя ж пачуцці пакаяння і даверу да Бога, якія меў Давід, калі паглядзеў на сябе і, нават будучы каралём, без страху ўпакорыўся, каб вызнаць свае правіны і прадэманстраваць уласную убогасць Пану, з цвёрдай упэўненасцю ў Яго міласэрнасці. А грэх, які ён учыніў, не быў маленькім падманам. Гэта былі чужалоства і забойства”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што мэта звароту да міласэрнага Бога заключаецца ў тым, каб Ён з любоўю, падобнай да любові бацькі або маці, змілаваўся, выявіў сваю ласкавасць, паказаў сваю прыхільнасць, добразычлівасць і спагаду. “Гэта пакаяльны заклік да Бога – адзінага, хто здольны вызваліць ад граху”,- падкрэсліў Пантыфік.

“У гэтай малітве праяўляецца сапраўдная патрэба чалавека. Адзінае,  у чым мы маем патрэбу ў нашым жыцці – гэта быць прабачанымі, вызваленымі ад зла і яго смяротных наступстваў. Нажаль, жыццё нас часта ставіць перад абліччам такіх сітуацый, але ў іх мы, перш за ўсё, павінны давяраць міласэрнасці. Бог – большы за наш грэх. Не будзем забывацца пра гэта: “Бог большы за наш грэх” (...), а Яго любоў, гэта акіян, у які можам пагрузіцца не баючыся патануць: прабачыць для Бога, азначае даць нам упэўненасць у тым, што Ён нас ніколі не пакіне. Што б мы не ставілі сабе ў віну, Ён заўсёды большы за гэта”, - адзначыў Святы Айцец. 

Чалавек, які моліцца псальмам “Miserere”, падкрэсліў Папа, шукае прабачэння, спавядаецца ў сваіх грахах, а прызнаючы іх, святкуе справядлівасць і святасць Бога, просіць аб ласцы і міласэрнасці.

“Псальміст давярае дабрыні Бога. Ён ведае, што Божае прабачэнне ў вышэйшай ступені плённае, бо здзяйсняе тое, аб чым кажа. Яно не хавае граху, але знішчае яго, змывае. Змывае яго ў корані, а не так, як адбываецца ў хімчыстцы, калі прыносім адзенне і нам выводзяць пляму. Не! Бог змывае наш грэх цалкам! Таму пенітэнт зноў ачышчаецца, кожная пляма знішчаецца і ён становіцца бялей за самы чысты снег (...). Мы грэшнікі, дзякуючы прабачэнню, становімся новым стварэннем, напоўненым духам і радасцю. Цяпер перад намі пачынаецца новая рэальнасць: у нас – новае сэрца, новы дух, новае жыццё”, - сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў вернікаў, пасля падзення ў грэх, не баяцца працягнуць руку да Бога, Які заўсёды дапаможа і сваім прабачэннем верне страчаную годнасць.








All the contents on this site are copyrighted ©.