2016-03-29 12:55:00

Святы Пасад: смяротная нянавісць б’е ў самых уразлівых


Страшнае забойства нявінных людзей у парку пакістанскага горада Лахор кінула цень гора і пакут на велікодныя ўрачыстасці, адзначыў афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду, кс. Фэдэрыка Ламбардзі.

У выніку выбуху ва ўсходнепакістанскім горадзе, па апошніх дадзеных, загінулі больш за 70 чалавек, з іх 23 дзіцяці. Больш за 300 чалавек атрымалі раненні, у тым ліку 56 дзяцей. Яны шпіталізаваны ў розныя клінікі горада, дзе не хапае месцаў. Смяротнік зладзіў выбух каля ўваходу ў парк, паблізу дзіцячага сектара і білетных кас. Выбіраючы такое месца, ён разлічваў на максімальную колькасць ахвяр, адзначылі ў мясцовай паліцыі.

“Чарговы раз баязлівая смяротная нянавісць бязбожна буяніць сярод найбольш уразлівых асоб. Разам з Папам – які быў паінфармаваны аб гэтай падзеі – мы молімся за ахвяр, мы блізкія да параненых, пацярпелых сям’яў, іх вялікага болю, да хрысціянскай меншасці, чарговы раз пацярпелай ад фанатычнага гвалту, і да ўсяго церпячага пакістанскага народу. Як ужо сказаў Святы Айцец, нягледзячы на такія страшныя праявы нянавісці, Укрыжаваны Хрыстус увесь час дае нам мужнасць і надзею, неабходныя для будаўніцтва шляхоў спачування, салідарнасці з тымі, хто пакутуе, дыялогу, справядлівасці, прымірэння і міру”, - сказаў кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду.

Два дні таму папа Францішак, заклікаючы да малітвы за пацярпелых у тэракце, адзначыў, што “насілле і забойчая нянавісць вядуць выключна да болю і знішчэння”. Ён чарговы раз нагадаў, што “павага і братэрства – гэта адзіны шлях для дасягнення міру”.








All the contents on this site are copyrighted ©.