2016-03-29 13:51:00

Памерла легендарная заснавальніца “EWTN” Маці Анжэліка


У дзень Пасхі, 27 сакавіка 2016 г., у амерыканскім Генсвіл, у штаце Алабама, ва ўзросце 92 гадоў памерла сусветнавядомая Маці Анжэліка, кларыска, заснавальніца сусветнай каталіцкай медыя-сеткі “Вечнае слова” (Eternal World Television Network, “EWTN”). На працягу некалькіх гадоў яна змагалася з наступствамі інсульту. Пахаванне запланавана на 1 красавіка.

Маючы толькі 200 долараў на рахунку ў банку, у 1981 г. яна пачала выпускаць сваю тэлепраграму з кляшторнага гаража ў Алабаме. Распачынаючы працу з тых сціплых перадач, “ЕWTN” ператварылася ў найбуйнейшую рэлігійную медыя-сетку ў свеце. Яе перадачы даступныя ў 264 мільёнах дамоў у 144 краінах свету. Выдавецкая дзейнасць кампаніі ўключае газету “National Catholic Register” і Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва “CNA”. Дзейнасць у сферы радыё: гэта караткахвалевае вяшчанне, спадарожнікавыя і інтэрнэт-каналы і больш за 300 афіляваных каталіцкіх радыёстанцый у ЗША.

Будучая заснавальніца тэлесеткі нарадзілася ў 1923 г., атрымаўшы пры нараджэнні імя Рыта Рыцца. У 1944 г. яна ўступіла ў Ордэн Бедных Кларысак, стаўшы сястрой Марыяй-Анжэлікай. У 1956 г., калі ёй пагражала аперацыя на пазваночніку, якая магла пазбавіць яе магчымасці хадзіць, яна звярнулася да Бога ў малітве і сказала, што калі Ён дазволіць хадзіць, яна пабудуе кляштар на поўдні ЗША. Як яна прызналася потым у адным з інтэрв’ю: “Бог зрабіў усё, што залежала ад Яго, а я, праз Боскі Провід, зрабіла сваю частку”. Кляштар адкрыўся ў Айрондэйле, штат Алабама, у 1962 г.; у яго гаражы і размясцілася першая студыя “EWTN”. 

Апостальская Сталіца неаднаразова заўважала працу Маці Анжэлікі. У 2000 г., як выраз удзячнасці за апостальства сродкаў масавай інфармацыі, св. Ян Павел II падарыў ёй манстранцыю, а Бэнэдыкт XVI узнагародзіў яе ў кастрычніку 2009 г. папскім медалём “Pro Ecclesia et Pontifice”. Францішак, 12 лютага 2016 г., на шляху з Ватыкана ў Гавану на сустрэчу з Патрыярхам Кірылам, даслаў з борту самалёта на імя Маці Анжэлікі спецыяльную тэлеграму.








All the contents on this site are copyrighted ©.