2016-03-29 15:54:00

Кангрэс Божай Міласэрнасці пройдзе ў Рыме


31 сакавіка 2016 г. у Рыме пачнецца Еўрапейскі апостальскі кангрэс Божай Міласэнасці. Форум працягнецца да 4 красавіка. У ім прыме ўдзел папа Францішак: 2 красавіка ён будзе прысутнічаць на малітоўным чуванні з нагоды чарговай гадавіны смерці св. Яна Паўла ІІ, а на наступны дзень, у Нядзелю Божай Міласэрнасці, узначаліць Эўхарыстыю на галоўнай ватыканскай плошчы.

Кангрэс пачнецца св. Імшой у рымскім касцёле Сант-Андрэа-Дэла-Вале, якую ўзначаліць кардынал Агасціна Валіні, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі. Пасля яе духоўную канферэнцыю правядзе кардынал Крыстаф Шонборн, арцыбіскуп Венскі і старшыня Камітэту Сусветных кангрэсаў Божай Міласэрнасці. У рамках форума з дакладам аб хрысціянскай духоўнасці заснавальнікаў Еўрапейскага Саюза – Рабэра Шумана, Альчыда Дэ Гаспэры і Конрада Адэнаўэра – выступіць віцэ-пастулятар беатыфікацыйнага працэсу французскага палітыка, айцец Ёзэф Ёст.

Сярод рэферэнтаў будзе таксама кардынал Вальтэр Каспер, старшыня на пенсіі Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Ён падзеліцца сваімі думкамі адносна міласэрнасці з тэалагічнага пункту гледжання. Старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, арцыбіскуп Рына Фізікела прачытае даклад аб ласцы і выкліках Году Міласэрнасці.

Сваімі сведчаннямі аб “абліччах міласэрнасці” падзеляцца асобы з розных краін Старога Кантынента: Іспаніі, Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Літвы, Чэхіі і Румыніі. 

Ідэя Кангрэсаў Божай Міласэрнасці нарадзілася пасля смерці св. Яна Паўла ІІ сярод яго паплечнікаў-кардыналаў: Станіслава Дзівіша, Аўдрыса Бачкіса, Луіса Антоніа Тагле і Жана-Луі Тарана. Форумы праходзяць на міжнародным, кантынентальным і нацыянальным узроўнях з 2008 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.