Подлым і бессэнсоўным злачынствам назваў папа Францішак тэракт у пакістанскім горадзе Лахор, які здрарыўся 27 сакавіка 2016 г. і азмрочыў святкаванне Пасхі мясцовай каталіцкай супольнасцю. “Учора ў цэнтральным Пакістане, Святая Пасха была акрываўлена з прычыны агіднага тэрарыстычнага акту, у выніку якога загінула мноства нявінных людзей, у большасці з сем’яў, якія належаць да хрысціянскай меншасці – асабліва жанчын і дзяцей – сабраных у публічным парку, каб радасна адзначыць велікодныя ўрачыстасці”, - нагадаў Папа пасля малітвы "Regina Caeli" 28 сакавіка 2016 г. у Ватыкане.
Святы Айцец выказаў сваю блізкасць усім, хто пацярпеў у выніку гэтага злачынства і заклікаў вернікаў маліцца за ахвяр трагедыі і іх блізкіх.
“Звяртаюся да грамадзянскіх уладаў і ўсіх сацыяльных кампанентаў гэтай краіны, каб прыкладалі ўсе намаганні на карысць аднаўлення бяспекі і спакою насельніцтва і асабліва найбольш уразлівых рэлігійных меншасцяў. Паўтараю яшчэ раз, што насілле і забойчая нянавісць вядуць толькі да болю і разбурэнняў. Павага і братэрства – гэта адзін шлях для дасягнення спакою”, - сказаў Папа.
Напрыканцы свайго звароту ён заклікаў маліцца, каб злачынцы перасталі сеяць тэрор і смерць, а ў свеце запанавалі любоў, справядлівасць і прымірэнне.
All the contents on this site are copyrighted ©. |