2016-03-24 13:16:00

Францішак сустрэўся з пляменніцай бл. Оскара Рамэра


Францішак сустрэўся з пляменніцай бл. Оскара Рамэра. 54-гадовая Цэцылія Рамэра прыбыла ў Ватыкан у суправаджэнні свайго мужа і пасла Сальвадора ў Італіі, Сандры Элізабеты Алас Гвідас. Яе сустрэча з Пантыфікам адбылася 23 сакавіка 2016 г., напрыканцы агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. Сваячка сальвадорскага мучаніка прыбыла ў Рым з нагоды чарговай гадавіны яго трагічнай смерці, якая адзначаецца 24 сакавіка ў розных краінах свету. 

“Я ніколі не забуду атмасферы тэрору, а таксама болю ўсіх сальвадорцаў пасля забойства чалавека, які быў кропкай апоры для ўсіх”, - сказала яна ў інтэрв’ю ватыканскаму выданню “L’Osservatore Romano”. Цэцылія Рамэра падкрэсліла, што навучылася ад свайго дзядзькі заўсёды выказвацца з пашанай да іншых, а таксама змагацца за правы кожнага чалавека і клапаціцца пра бедных.

Арцыбіскуп Рамэра быў забіты невядомай асобай 24 сакавіка 1980 г. падчас цэлебрацыі св. Імшы. Яго актыўная дзейнасць на карысць бедных выклікала нянавісць у рэакцыйных колах у краіне. Оскар Рамэра быў беатыфікаваны ў 2015 г.   

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 23 сакавіка, Святы Айцец сустрэўся таксама са сваякамі маладых жанчын, якія займаліся грамадскай дзейнасцю і загінулі ў часы вайсковай дыктатуры ў Аргентыне. Нагодай для сустрэчы стала 40-годдзе дзяржаўнага перавароту, у выніку якога ў гэтай лацінаамерыканскай краіне быў устаноўлены дыктатарскі рэжым. Ён працягваўся з 1976 г. па 1983 г..








All the contents on this site are copyrighted ©.