2016-03-22 13:22:00

Крыжовы Шлях з Папам: пакуты дзяцей, сем’яў, уцекачоў


“Бог і міласэрнасць” – такую назву даў кардынал Гуалцьера Басэці сваім медытацыям да Крыжовага Шляху ў рымскім Калізеі, які пройдзе ў Вялікую пятніцу 25 сакавіка 2016 г. з удзелам Пантыфіка. Як прызнаўся сам арцыбіскуп Перуджы, ён пажадаў нагадаць, што перад абліччам чалавечага страху, болю, пераследу і насілля, міласэрнасць з’яўляецца каналам ласкі ад Бога. У чатырнаццаці станцыях гучаць разважанні пра хрысціян, пераследаваных за іх веру, яўрэяў, закатаваных у канцлагерах, сем’і, якія распаліся.

Разважаючы пра пачатак шляху Езуса на Галгофу, кардынал узгадаў драму сучасных уцекачоў і параўнаў асоб, якія зачыняюць перад імі дзверы, баючыся страціць сваю ўласную бяспеку, з Пілатам, які ўмывае рукі перад Божай ісцінай. Хто баіцца іншага чалаека, іншаземца, мігранта, той не бачыць аблічча Хрыста, заключае іерарх.

Разважаючы пра першае падзенне Езуса пад цяжарам крыжа, аўтар прапануе ўзгадаць пра пакуты яўрэяў, якія загінулі ў лагерах смерці, і хрысціян, забітых з нянавісці да веры, пра ахвяр любога роду пераследу.   

У сустрэчы Езуса з Маці кардынал Басэці бачыць вобраз сям’і, “неад’емнай часткі супольнага жыцця” і “незаменнага архітраву чалавечых адносін”. Другое падзенне Хрыста вучыць таму, што грэх вяртаецца, і мы не можам збавіцца самастойна; а трэцяе – нагадвае пра пакуты сем’яў, якія распаліся, пра тых, хто застаўся без працы, пра моладзь, якая вымушана жыць у нестабільнасці.

Езус, пазбаўлены адзення, нагадвае пра “дзяцей, прафанаваных у іх інтымнасці”, пра тых, хто быў прыніжаны, чыю годнасць зняславілі. Менавіта на крыжы Езуса усемагутнасць павалена, мудрасць апускаецца да вар’яцтва, любоў прыносіцца прыносіцца ў ахвяру. І ўсё гэта, дзеля збаўлення чалавека.

Кардынал Басэці нагадаў, што магілу Хрыста ўладныя гэтага свету зачынялі з самахвальствам, пышнасцю і паказальна, як часта гэта робіцца і сёння, але гэта не тая смерць, якая пакладае канец усяму, бо менавіта ў цемры і маўчанні ерузалемскай грабніцы Бог “дзенічае... нараджаючы новую ласку ў чалавеку”, якога любіць.








All the contents on this site are copyrighted ©.