2016-03-22 12:14:00

Беларусь: арцыбіскуп Кандрусевіч правёў прэс-канферэнцыю


На сустрэчу з папам Францішкам у ліпені 2016 г. адправяцца больш за 3 тыс. вернікаў з Беларусі. Яны прымуць удзел у Сусветных днях моладзі, месцам правядзення якіх стане польскі Кракаў – дарэчы, родны горад св. Яна Паўла ІІ. Менавіта з-за блізкай геаграфіі чакаецца такая вялікая колькасць пілігрымаў-беларусаў, жадаючых стаць сведкамі гэтай глабальнай падзеі, адзначыў 22 сакавіка 2016 г. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, на спецыяльнай прэс-канферэнцыі. 

“Напэўна сустрэча ў дыяцэзіях падчас Сусветных дзён моладзі будзе больш плённай, таму што многія ведаюць польскую мову, многія з Беларусі маюць блізкіх сяброў у Польшчы, лягчэй будзе камунікаваць, весці дыялог. І таксама традыцыі дзяржаў блізкія. Гэта для нашых вернікаў будзе вельмі важная падзея, не толькі як сустрэча з Папам, а азначыць, не толькі рэлігійны характар , але і сяброўскі. Увогуле, вялікія ўражанні  будуць для кожнага, хто паедзе”, - упэўнены іерарх. 

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі распавёў і пра іншыя значныя падзеі. Так, ужо 10 красавіка 2016 г. у Каталіцкім Касцёле будзе распачаты працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча – фундатара Касцёла св. Сымона і Алены ў Мінску – храма-візітоўнай карткі, вядомага як Чырвоны. Аб асобе і ролі Вайніловіча нават казаць шмат не трэба: гэта – чалавек-сведка веры. Для Беларусі гэта будзе першы ў гісторыі беатэфікацыйны працэс, пачаты ў краіне, падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч. 

“Тым больш пачынаецца працэс беатэфікацыі менавіта свецкага чалавека. Гэта вельмі важна. Мы чуем: святым стаў папа, біскуп ці святар, а тут свецкі чалавек. І гэта адпавядае таму, аб чым навучае Другі Ватыканскі Сабор: аб паўсюдным пакліканні да святасці. Гэта сведак веры, гэта хрысціянін, які ўсё жыццё выконваў свае рэлігійныя і сямейныя абавязкі. Беатыфікуюць мучанікаў, якія жыццё аддалі за веру, але ёсць і такія людзі, як Вайніловіч: святым можа стаць кожны. І прыклад фундатара Чырвонага Касцёла нам аб гэтым кажа”, - лічыць Мітрапаліт. 

Увогуле 2016 г. у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі будзе насычаным на падзеі, якія пройдуць таксама пад знакам 25-годдзя адраджэння касцёльных структур у краіне, а значыць, і ўсяго рэлігійнага жыцця пасля гадоў атэістычнага рэжыму. 

Арцыбіскуп паведаміў, што ў красавіку, хутка пасля Вялікадня, які католікі адсвяткуюць 27 сакавіка, на спецыяльную сустрэчу з папам Францішкам у Ватыкан паедуць ліквідатары аварыі на Чарнобыльскай АЭС з Беларусі і Украіны. Яна будзе прысвечана 30-годдзю гэтай трагічнай падзеі. А у маі ў Ватыкане будзе рэалізаваны масштабны праект-выстава ікон з Беларусі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.