2016-03-21 15:20:00

Абама на Кубе: першы пункт візіту – катэдральны касцёл


Прэзідэнт ЗША Барак Абама наведаў 20 сакавіка 2016 г. увечары каталіцкую катэдру ў Гаване. Гэта быў першы – пасля прывітання ў аэрапорце – афіцыйны пункт яго гістарычнага візіту на Кубу. Гэта першая за 88 гадоў паездка Прэзідэнта Злучаных Штатаў на Карыбскі востраў.

У храме амерыканскага лідэра, якога суправаджалі жонка і дочкі, сустрэў мясцовы арцыбіскуп, кардынал Хаймэ Лукас Артэга-і-Аламіна, некалькі іншых іерархаў і святароў. У катэдры і перад ёй было шмат людзей.

Паводле аўтарытэтнай амерыканскай газеты “The Wall Street Journal”, факт, што Абама пачаў свой візіт з сустрэчы з кардыналам Артэгай, з’яўляецца вельмі значным, улічваючы тую ролю, якую іерарх разам з папам Францішкам адыгралі ў аднаўленні пасля 50 гадоў дыпламатычных адносін паміж Кубай і Злучанымі Штатамі.

Дарадца Прэзідэнта ЗША Бэн Родс прызнаўся, што кардынал Артэга быў “асабліва дапаможны” ў нармалізацыі гэтых стасункаў. Ён дадаў, што візіт палітычнага лідэра ў катэдру ўказвае на значную ролю Каталіцкага Касцёла ў жыцці кубінскага народа і ў росце адносін паміж дзвюма краінамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.